Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 74

Іван Чыгрынаў

— Ладна, — азваўся з неахвотаю Зазыба.

На галасы выйшла Марыля.

— Куды гэта вы, Марфа Давыдаўна?

— А да парадзіхі, — адказала Марфа дзяўчыне з добрай усмешкай, быццам дужа ганарылася: — Радзіла ў нас адна. Дак пайду от. Але не ведаю, мальца ці дзеўку.

Меляшонкава хата стаяла каля самага лесу, у так званых верамейкаўскіх Падліпках. Па той бок, здаецца, сяліліся пазней за ўсё, калі пачало ўжо не хапаць у вёсцы ні зямлі для новых гаспадарак, ні месца для наступных падворышчаў: верамейкаўскія мужыкі, як прадзеды іхнія, карчавалі там на валах дзялянкі, палілі груды, матычылі і аралі — багата на гэта часу патрэбна было, поту таксама, але пушча паступова аддавала працавітым і настырным людзям свае абсягі. Меляшонкавы падаваліся ў Падліпкі апошнія, таму хата іхняя там была крайняя — казалі ў Верамейках, што ў вокны да Меляшонкавых па піліпаўках зазіраюць нават ваўкі.

Цяпер у Падліпках жыло некалькі сем’яў, адной невялікаю вуліцай, і вакол кожнага двара там былі сады — яшчэ моцныя дужасцю свайго незачаўранага дрэва, буйныя, ап’яняючыя квеценем увесну і гулкія начным яблыкападам увосень.

У Падліпкі ад Зазыбавай хаты можна было ісці па галоўнай вуліцы, адно павярнуць пасля направа. Аднак то была даўжэйшая дарога. І Марфа, як зачыніла за сабой фортку ў завулак, пашыбавала напрасткі — за ніжнімі гародамі вяла ў Падліпкі сцежка, адно трэба было ўтрымацца нагамі на той вузенькай гатцы, што злучала сухія грывы, якія называлі ў Верамейках курганамі. Пасля доўгага і амаль неперашчуканага дажджу гатка, мусіць, і сама распоўзлая стала, таму Марфа падабрала каля сцежкі скарыстаную ўжо некім алешыну і з ёй нясмела ступіла на парудзелае, зляжалае пад балотнай гразёй яловае голле. Усё абышлося без прыгод. Гатка не падвяла Марфу, і жанчына са сваім бяроставым кошыкам неўзабаве апынулася на травяністым узлобку, адкуль відаць былі хаты ў Падліпках і возера за імі. Над вёскай яшчэ вісела як дажджавая сетка, але на страсе Меляшонкавай хаты ўжо блішчала штосьці ад сённяшняга святла. Марфа пабачыла з гары вёску і нечакана ўзрадавалася: яна ж апошні час нідзе далёка не была, адно бедавала ды месціла ў сабе той халодны страх, прадчуваннем якога цяпер жылі па ўсім забесяддзі. Там, каля сваёй хаты, яна ўвесь гэты час адчувала на сабе нязвыклы цяжар невядомасці, які прыводзіў чалавека ва ўтрапенне, а тут, на гэтым травяністым узлобку, што быў усяго за кіламетр ад дому, нічога падобнага яна не перажывала больш: дастаткова было пабачыць ёй, што ўсё ў вёсцы заставалася на ранейшых месцах і што нічога паганага пакуль ні з кім не здарылася, больш таго, Сахвея Меляшонкава нават нарадзіла дзіця.