Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 55

Іван Чыгрынаў

Дажджу не было, але неба засцілі хмары.

Непадалёку Чубар убачыў шырокі, з вялікім падрэзам пень. Вакол яго ляжала паскубанае птушынае пер’е: пеначак, берасцянак, чыжоў. Было каля пня таксама некалькі сойчыных хвастоў. Але больш за ўсё — рыжавата-шэрага пер’я перапёлак. Тым часам на самым пні дзівіла вока ахайная чысціня. Няйначай, гэта была «сталоўка» ястраба-перапёлачніка. Ён высочваў свае ахвяры недзе ў полі, кідаўся на іх з вышыні і прыносіў сюды сталавацца.

Чубару пры выглядзе ястрабавай «сталоўкі» ўспомніўся свой выпадак.

У той год, як ён прыехаў на старшынства ў Верамейкі, Дзяніс Зазыба павёз яго паказаць калгасныя ўладанні. Была сярэдзіна лета, і вараны жарабок — куплёнік, якога набылі на Гомельскім конезаводзе, да паўдня паспеў павазіць седакоў ледзь не па ўсёй тэрыторыі калгаса. На Халахонавым хацішчы — некалі, ужо не за гэтым часам, жыў там адасоблена ад Верамеек багаты, але дужа нелюдзімы мужык Халахон — Зазыба прапанаваў даць каню адпачыць, бо не было ратунку ад сляпнёў. Старшыня калгаса і яго намеснік, дакладней загадчык гаспадаркі, нацёрлі каня балотным перцам і паставілі проста ў аглоблях у вялікі цень, паслабіўшы церазсядзёлак, а самі спярша прайшлі па сенажаці — у тое лета аўсяніца высыпала як не па локаць, заліўшы ўсё фіялетавым колерам, затым накіраваліся глядзець авёс і грэчку, што былі пасеяны на новых лядах. Не паспелі яны выйсці на край нівы, як убачылі шэрага ястраба-перапёлачніка. Склаўшы кароткія крылы, той падаў камяком на зямлю. У аўсе спачатку пачуўся трывожны піск, пасля пачалася нейкая валтузня. А яшчэ праз момант перапёлачнік узляцеў угору. У кіпцюрах ён моцна трымаў сваю ахвяру. Але з ёй не мог узняцца высока, таму ляцеў па-над зямлёй. Зазыбу з Чубарам ён не заўважаў. І тое, што яны раптам апынуліся на яго шляху, было нечаканасцю. Ястраб разгубіўся, і яго ахвяра выпала з кіпцюроў. Гэта была куцахвостая перапёлка. Драпежнік не паспеў забіць яе, адно раструшчыў грудную клетку. Перапёлка мела бездапаможны выгляд. Здавалася, яна ўжо не скранецца нават з месца. Але вось яна паляжала на зямлі, нібыта ажывала, абапіраючыся на крылы, стала на ломкія ногі і, выдыхаючы з вялікім болем «хва-ва, хва-ва», як стрыножаная, паклыпала ў авёс.

Тады драпежніку не давялося паласавацца перапёлчыным мясам. Перашкодзілі Зазыба з Чубарам, якія паявіліся нечакана на краі нівы. А гэта, мусіць, праз усё лета насіў сваіх ахвяр да пня, зрабіўшы на ім сапраўдную «сталоўку»...

Чубар разварушыў ботам птушынае пер’е, пастаяў трохі над ім, быццам у забыўлівасці, а тады пачаў сцягваць з сябе закарэлы і брудны шынель.

Наперадзе быў цэлы дзень, і Чубарам валодала моцная надзея трапіць за гэты дзень у Журынічы — незнаёмая вёска стала для яго нібыта адным запаветным месцам, куды яшчэ мела сэнс падавацца.

У лесе патыхала цяжкім духам грыбоў. Паміж маладога ельніку блішчаў пасярэбраны дажджавымі кроплямі шаўкавісты змяёўнік. Па моху расла так званая грыбная лапша — булаўніца, але чамусьці не жоўтая, як звычайна, а чырванаватая, нават аранжавая: здаецца, ступіш на яе нагой, і мох навокал адразу акрывяніцца.