Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 54

Іван Чыгрынаў

— Дак от, што б ведаў, Яўменавіч, — з несхаванай злараднасцю сказаў Парфён Вяршкоў. — Не адзін ты цяпера стаіш за калгас. Ну, чаму ты за калгас, ета ясна. А от чаму нямецкі камендант у Бабінавічах таксама бароніць калгас, дак ета ўжо вельмі дзіўна. Мабыць, і ён мае ў калгасе нейкі інтарэс.

— Але сапраўды дзіва, — гледзячы кудысьці як у самога сябе, адчужана ўсміхнуўся Зазыба. — Сапраўды дзіва, — паўтарыў ён.

— Да ўжо большага дзіва, бадай, і не дачакаешся.

— Што б гэта значыла?

— Ета ўжо ты ў каменданта спытай, — развёў рукамі Парфён Вяршкоў. — Але табе, Яўменавіч, як намесніку старшыні ёсць над чым падумаць.

— Да ўжо ж...

— А як на мой розум, дак па такім часе нічога разумнейшага не прыдумаеш, як падзяліць усё па дварах, бо не можа быць, каб Адольф Карлавіч таксама па шчырасці за калгас стаяў. Тута нешта ёсць такое, чаго мы яшчэ пакуль не бачым. Таму не трэба думаць, што мы нешта благое зробім.

Вяршкоў разважаў, а Зазыба ўжо не мог прымусіць сябе з патрэбнай увагай слухаць яго — раптам чалавек нібыта ў прастрацыю ўпаў: адно паціраў рукой кончык носа і з затуманенай недаўменнасцю пазіраў то на госця, то на сваю Марфу, якая прыбірала пасля вячэры са стала.

У той вечар спаць у Зазыбы ў хаце клаліся рана. Гаспадар толькі праводзіў за вароты Парфёна Вяршкова, сказаўшы напаследак памяркоўным голасам:

— Парахуемся, Парфён, падумаем...

З галавы не выходзіла пачутае ад Вяршкова пра бабінавіцкія падзеі. Ён намагаўся растлумачыць сабе, што адбылося ў мястэчку і чым кіраваўся камендант Гуфельд, калі падаў голас за калгасы. Зазыба паступова перабраў у галаве ўсе магчымыя варыянты, якія хоць трохі пралівалі святло на гэта. І нарэшце, ужо нібыта ў тумане якім, прыйшоў да дзіўнай, але суцяшальнай думкі, якая здалася яму прымальнай, можа, таму, што была... наіўная па сваёй сутнасці. Але абумоўлена яна была таксама і падсвядомым жаданнем — вельмі хацелася, каб сапраўды было так: раптам Зазыбу падумалася, што бабінавіцкі камендант Гуфельд можа аказацца камуністам; зыходзіў ён у сваіх меркаваннях з таго, што ў Германіі некалі дзейнічала шмат камуністаў і гітлераўцы наўрад ці здолелі ўсіх перасадзіць у канцлагеры.

V

Прахапіўся Чубар ад незразумелага гуку. Было ўжо ранне, і ён колькі часу няўцям азіраўся, прывучаючы вочы да святла, якое здавалася чамусьці няпраўдашнім пасля ночы. Лес, дзе не па сваёй ахвоце апынуўся Чубар, быў рэдкі — як абхапіць двум чалавекам елкі, сярод якіх пракідаліся камлюкаватыя бярозы, стаялі адна ад другой на вялікай адлегласці. На голых мясцінах, што нагадвалі звычайныя паляны, раслі ў папараці рабіны, якія чырванелі яшчэ не зусім спелымі гронкамі.

Нешта туркала ўгары на ўвесь лес — тр-р-р, тр-р-р, тр-р-р, менавіта гэтае турканне і пабудзіла Чубара.