Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 53

Іван Чыгрынаў

Марыля падышла да каша, выбрала яблык і з вялікай ахвотай адкусіла.

— Ета якраз і ёсць спасаўка, — пахваліў яе выбар Парфён Вяршкоў.

А гаспадыня, адчуваючы віну за сабой, што ўзбунтавала і госця, і сваіх хатніх з вячэрай, пачала зноў запрашаць Вяршкова да стала, але той па-ранейшаму адмаўляўся. Тады гаспадары, быццам з неахвотаю, уселіся за сталом і моўчкі пачалі есці проста з чыгунка.

Вяршкоў паназіраў за імі, падумаў пра Марылю — дзеўка недзе гарадская ўжо стала, а есці таксама ўмее, як у добрай сялянскай сям’і.

Сёрбалі яны варыва без хлеба, і Вяршкоў, бачачы гэта, падзівіўся, што Зазыба хоць і быў намеснікам у калгасе, але за сталом не раскашаваў цяпер, акурат мнагадзетны — ад мінулага года, мусіць, ужо не засталося запасаў, а з новага ўраджаю яшчэ нічога не было на хлеб.

Парфёну Вяршкову неспакойна было сядзець на тапчане. Ён ажно злаваў на сябе, што так і не здолеў давесці да канца Зазыбу пра галоўнае. А галоўнае тое было вось у чым. У Бабінавічах, пасля таго як замест сельсавета немцы аднавілі валасное праўленне, камендант гарнізона Адольф Карл Гуфельд — дарэчы, ён хутка навучыў беларусаў называць сябе на рускі лад, Адольфам Карлавічам, — загадаў склікаць агульны сход. Паліцэйскія, што былі ў навакольных вёсках, — з гэтым акупанты спяшаліся перш за ўсё — наладзілі поўны збор: абавязалі з’явіцца ў кантору праўлення калгаса не менш як па адным чалавеку ад двара. Адшукалі таксама членаў праўлення, вядома, тых, што засталіся на тэрыторыі калгаса. Адным словам, усё было зроблена самым належным чынам — і прэзідыум быў, і члены праўлення нібыта вагу мелі, і галасаванне праводзілася. І ўжо зусім дзіву даліся людзі, як камендант раптам абвясціў, што нямецкае камандаванне, калі гэта пажадаюць сяляне, можа дазволіць ім жыць і працаваць у калгасе. Проста растлумачыў Гуфельд, няхай усё і надалей ідзе ў гаспадарцы па-ранейшаму. Новая ўлада таксама не супраць калектыўнай гаспадаркі ў вёсцы. І наогул, калгасы павінны захоўвацца пакуль па ўсёй Бабінавіцкай воласці... Уласна, з гэтым вось і прыйшоў сёння Парфён Вяршкоў да Зазыбы. Але гаворка іхняя, без малога ад першых слоў, нібыта забуксавала — Зазыба і блізка не прымаў нічога, што датычыла далейшага лёсу, асабліва падзелу калгаса.

Нарэшце гаспадары павячэралі. Марыля падзякавала і не затрымалася на гэтай палавіне хаты — пайшла на сваю, набраўшы на прыслоненую да грудзей руку чырванабокіх яблыкаў з каша. На парозе яна яшчэ азірнулася, каб удзячліва ўсміхнуцца Вяршкову. Зазыбава Марфа тым часам пачала маліцца на покуць. Мужчыны пасядзелі дзеля прыліку колькі моманту ў маўчанні, тады Парфён Вяршкоў зноў загаварыў. Але цяпер Зазыбу нібыта хто падмяніў. Ён нават адным словам не перапыніў госця. І той збольшага нарэшце пераказаў усё, як было ў Бабінавічах. Здавалася, Зазыба спярша не паверыў яму — раптам ускінуў у здзіўленні галаву і доўга глядзеў прыжмуранымі вачамі, як прымерваўся. Затым на ягоным твары з'явілася разгубленая ўсмешка, якая змянілася трывогай, што была выклікана, пэўна, сумятнёй пачуццяў, бо тое, аб чым паведаміў Вяршкоў, не ўкладвалася ў прывычны парадак рэчаў. Нават з газет — а на працягу амаль двух месяцаў, пакуль каціўся да Бесядзі фронт, людзі мелі магчымасць чытаць газеты кожны дзень — вядома было, што акупанты павінны распускаць калгасы на захопленай тэрыторыі. І вось у Бабінавічах яны раптам павялі сябе іначай.