Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 57

Іван Чыгрынаў

Тым часам дождж, які быў аціх пад раніцу, зноў пачаўся. Аднак цяпер ён ішоў з перапынкамі, быццам раздумваючы: палье як з вядра паўгадзіны, а тады перастане. Чубар пачакаў, пакуль новая сцяна дажджу заслоніць ад вачэй наваколле, і проста праз жыта падаўся да другога ўзлеску, што быў наперадзе. Падумалася нечага, што пакуль будзе лепей не мець ніякага дачынення, няхай нават ускосна, праз шынель, падараваны ў Пёкліне Шпакевічам, да вайскоўцаў... І ён кінуў шынель на дажджы, хоць і разумеў, што пашкадуе аб гэтым у першую ж ноч, якую, няйначай, таксама давядзецца правесці не ў хаце. Чубар ішоў у адваротным напрамку ад абараняльнага рубяжа, на якім ужо некалькі разоў усчынаўся і заціхаў бой.

Надвечар дождж зноў як перастаў на працяглы час, і тады Чубар убачыў на мурагу, пасярод узаранага поля, каня. Наеўшыся ўдосталь і нават стаміўшыся ад гэтага, той стаяў ужо амаль з паўдня нерухома, звесіўшы ў нейкім сваім одуме галаву. Чубар адразу, як убачыў безнагляднага каня, павесялеў — ён азірнуўся з перасцярогай навокал і пашыбаваў па топкім ворыве напрасткі, хвалюючыся ад нечаканага і яшчэ патаемнага свайго жадання. Конь таксама звярнуў увагу на чалавека, які спяшаўся да яго, і насцярожана занепакоіўся. Але Чубар ведаў коней — яшчэ здаля пачаў улагоджваць, ціха кажучы «кось-кось-кось»... Тады конь як паверыў чалавеку і паслаблена пераступіў пярэднімі нагамі, пакратаў адным вухам, нібыта гэтым даваў дазвол падысці, нават узяць сябе за мокрую, але ўзапрэлую, таму вельмі цёплую грыву. Ён, мусіць, з нейкае блізкае вёскі, якой пакуль не відаць было адсюль, але цяпер, надвечар, па яго маглі прыйсці сюды кожную хвіліну. Таму Чубар не стаў чакаць. Абапёрся распасцёртымі, амаль на ўсю шырыню, рукамі на канёвыя карак і крыж, падскочыў і павіс на нейкі момант жыватом на вострай хрыбціне, а тады крутануўся і, закінуўшы правую нагу, сеў. Можна было ехаць. Але конь раптам яшчэ ніжэй апусціў галаву, нібы збіраўся пачаць скубці мурог. Чубар штаўхануў лыткамі па канёвых рэбрах, пацягнуў на сябе ледзь не каля самае галавы за грыву, спрабуючы прымусіць каня выпрастаць шыю. Але дарэмна. Конь не хацеў слухацца, адно чухаў аб выстаўленую нагу пабялелую, быццам скура на Чубаравых ботах, пысу.

— Но! — пачаў голасам паганяць Чубар.

Конь не паддаваўся ні штаўхалям, ні крыку.

— От упіра, — сказаў у злосці Чубар і саскочыў на мурог — рашыў ужыць спачатку самае надзейнае: вывесці каня на дарогу.

Набрынялы мурог непрыемна зачмякаў пад падэшвамі ботаў. Але наваксаваная скура, нягледзячы на тое што амаль не прасыхала ўжо колькі дзён, яшчэ не прапускала да анучаў вады.

Улагоджваючы каня, Чубар мякка паляпаў рукой па ягоным шырокім ілбе, пачаў зноў «коськаць». Тады выцягнуў са штаноў рэмень і накінуў каню на шыю, заціснуўшы ў руцэ абодва канцы.