Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 56

Іван Чыгрынаў

Бульбяное поле, па якім давялося ўчора паўзці Чубару, бачылася здаля. Чубар выйшаў на ўзлесак, стаў на бугарок межавай канавы. Па правы бок вачам заміналі глядзець кусты — тыя, што трапіліся ўчора ў цемры. Каб абмінуць іх, Чубар патупаў далей па канаве і ўгледзеў кіламетры за два невялікую вёску. Каля гэтай вёскі фашысты, мусіць, і напалохалі ўчора аўтаматнымі чэргамі Чубара. Але сёння нішто не выдавала там іх. Больш таго, ва ўсім наваколлі не адчувалася ніякіх прыкмет вайны: і па той бок абараняльнага рубяжа, і па гэты ўсё пакуль патанала ў звычайнай маўклівасці. Тады Чубар датупаў да апошняга размежавальнага капца, глянуў на далёкую дарогу, што ішла паўз вёску, можа, за паўкіламетра ад крайніх двароў. То была, няйначай, грунтавая дарога. Па ёй рухаліся крытыя грузавікі. Скрозь ранішнюю імжэль яны здаваліся адсюль вялікімі фургонамі.

Ісці па адкрытым полі было небяспечна, і Чубар разважыў, што лепей дачакацца на ўзлеску якога-небудзь мясцовага чалавека, каб распытаць пра дарогу і пра ўсё астатняе. Як толькі думка гэтая ўмацавалася ў свядомасці, Чубар пачаў прыкідваць у галаве, што ён павінен рабіць цяпер. Па-першае, хацелася есці. Але пытанне з ежай можна было вырашыць лёгка — у Чубара быў пры сабе карабок запалак, а бульба расла побач. Больш складана было сустрэць чалавека. Таму Чубар адразу заняўся тым, што залежала ад яго — падаўся на поле капаць бульбу. Вогнішча ён раскладваў далей ад таго месца, дзе правёў ноч, каб нельга было заўважыць з узлесся. Гадзіны праз дзве пад яловым карчом нагарэла вуголле, і Чубар высыпаў на яго першы вялікі пасад бульбы. Гэтага пасаду магло хапіць яму на колькі разоў. Але як толькі Чубар наталіў голад, неспадзявана пачаўся бой. Над лесам спярша прагулі самалёты з чорна-жоўтымі, нібыта фасфарычнымі, крыжамі, скінулі бомбы на абараняльны рубеж. Пасля там сталі бухаць зеніткі, і нарэшце праз нейкі момант пачалася такая калатэча, што пад Чубарам загойдалася зямля. Здавалася, што абрынулася само неба з усімі яго грымотамі і маланкамі. Сядзець нават за колькі кіламетраў было жахліва, хоць лес гэты яшчэ заставаўся, бадай, адзіным ва ўсім наваколлі астраўком, незачэпленым боем. Чубар не меў вопыту ў ваеннай справе — яму не давялося ўдзельнічаць у папярэдніх войнах па малалецтве, але і ён рашыў, што гэта пакуль ішла артылерыйская падрыхтоўка і рабілі яе хутчэй за ўсё немцы: гарматы стралялі не далей, як ад вёскі, якую бачыў Чубар, калі выходзіў на ўскрай лесу. Тым не менш Чубар неўзабаве не вытрымаў і рушыў паціху ад вогнішча, каб зноў выйсці на ўзлесак і паглядзець з-за дрэў у бок вёскі: гэтак часам адчуванне страху і несвядомая цікаўнасць выводзяць на небяспеку неразумнага звера. Тое, што раптам убачыў Чубар за межавай канавай, прымусіла скалануцца і знямець — уздоўж канавы, выставіўшы на бульбяное поле гарматы, стаялі нямецкія танкі. Калі яны панаехалі сюды, Чубар не мог нават уявіць сабе: можа, у самы апошні момант, пад грымотамі бою. Але выгляд варожых танкаў выклікаў у ім амаль жывёльны страх. Чубар кінуўся з усіх ног ратавацца ў сярэдзіну лесу. У роце зрабілася горка, быццам пакаштаваў моху, што рос на дрэвах. І ўсё ж да Чубара даволі хутка вярнулася здольнасць разважаць. Гэтаму паспрыяла тая акалічнасць, што лес раптам кончыўся, і Чубар апынуўся на краі нейкага жытнёвага поля: далей бегчы было небяспечна.