Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 52

Іван Чыгрынаў

— Але што Хомка, — нарэшце махнуў рукой Парфён Вяршкоў. — Ён даўно сатлеў, а мы во жывём. Дак жывым трэба пра жывое.

— Ты зноў?..

Тады азвалася са свайго месца Марфа:

— А ты, я гляджу, не даеш слова сказаць чалавеку! Хочаш, каб мужыкі цераз цябе пераступілі?

Зазыба раптам адчуў, што жонка бярэ Парфёнаў бок — акурат заадно. Нават здалося, што яна не ўсё сказала і яшчэ дагаворыць, але дарэмна — Марфа ўзяла на пяколку дзяругу-пасцілку, падала гаспадару.

— Вазьмі да занавесь акно, бо пара запальваць святло.

Зазыба паслухмяна ступіў нагамі на ўслон, разгарнуў на распасцёртых руках дзяругу і пачаў чапляць на цвікі, што тырчалі ў верхняй лутцы. Марфа тым часам пабоўтала газу ў лямпе, падкруціла нагарэлы кнот. Калі праз нейкі момант у Зазыбавай хаце загарэлася святло, Марфа зноў сказала:

— Да і павячэраць трэба ўжо, а то мы дзеўку сваю голадам заморым.

— Парфён во таксама з намі павячэрае, — наперад пачаў запрашаць Зазыба.

— Сядайце адны, а я пакуль са сваёй хаты галодны не выходжу, — з годнасцю сказаў на гэта Вяршкоў.

— Дак у чужых жа яно заўсёды смачней, — усміхаючыся, сказаў Зазыба і пашкадаваў уголас: — Праўда, пляшкі ў нас няма, як для госця.

— Цяпер адзін Брава-Жыватоўскі знаходзіць недзе гарэлку. Мужыкоў нашых частуе. Ці, можа, яны яго. Было за етыя гады, за савецкія, хоць некаторыя трохі паадвыкалі ад гарэлкі, а цяпера во зноў... Ета як... Можа, хто гоніць ужо?

— З новага хлеба?

— Я ўчора хадзіў у Паддубішчы, тама на сядзібах бабы пажалі сваё.

— Дождж перастане, дак і калгаснае трэба спяшацца жаць.

— Калі сярпамі, то час быў даўно. З выбаркай. На гары, што ля маяка, мабыць, яшчэ на тым тыдні паспела. Але дарэмна трактар разбіралі да закопвалі недзе па частках. Праўда, Іван Падзерын ведае схованку, бо дапамагаў Чубару.

— Нічога, справімся і без трактара. Не пажнем, дак пакосім.

— Колькі ў нас цяпер тых касцоў!

— Бабы таксама касіць могуць.

— Накосяць табе бабы!

Каб не замінаць гаспадарам вячэраць, Парфён Вяршкоў перайшоў на тапчан.

Марфа ўжо несла на стол чыгунок з варывам. Страва яшчэ дымілася — сыходзіла парай, нягледзячы на тое што печ палілася ўранні; у хаце пахла ўжалелым.

Зазыба дастаў з падвешанага на сцяне шкапчыка лыжкі, якія стаялі там у драўлянай, знарок зробленай дзеля гэтага, ступцы, тады гукнуў на другую палавіну хаты:

— Марыля, вячэраць нас завуць!

Але адказу не дачакаўся. Тады адчыніў філёнкавыя дзверы. Зноў гукнуў.

Нарэшце Марыля пераступіла парог, павіталася з госцем.

— Ого, колькі яблыкаў! — убачыўшы кош, узрадавалася яна: малады голас яе пры гэтым неяк вельмі нязвыкла прагучаў у хаце.

— Спас настае, — сказаў паважна Вяршкоў, — дак Куліна, мая жонка, кажа, нясі таксама Зазыбавым, няхай частуюцца.