Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 51

Іван Чыгрынаў

...Перастаўшы гаварыць пра Мікіту Драніцу, Вяршкоў нават на момант не даў асталявацца цішыні.

— Але мы загаварыліся, — зрабіў ён выгляд, што спахапіўся. — А справы тым часам не чакаюць, бо адклад не ідзе ў лад.

— Адкладваць ніхто і не збіраецца, — трохі па-блазенску глянуў на Вяршкова Зазыба.— Сыдуць дажджы во, дак усёй вёскай і выйдзем у поле.

Вяршкоў падкусіў верхнюю губу:

— Сідар Раўнягін...

— Але чаму тады Сідар твой маўчаў, калі можна было гаварыць? — як зазлаваў Зазыба. — Тама ж быў... — Аднак Маштакова назваць не рашыўся. — Тама ж... не адны мы з ім былі. Былі ж людзі і не нашай галавы. Маглі б даць рады!

— Пра што ты? — заплюскаў вачамі Вяршкоў.

Зазыба ачомаўся.

— Да так, к слову прыйшлося.

Тады Вяршкоў спытаў проста:

— Калі ты Сідара паспеў пабачыць?

— Днямі неяк.

— Сам наведаўся ў Кулігаеўку ці ён прыходзіў?

— Было, — няпэўна адказаў Зазыба. — Але ён жаліцца на ногі. Рэўматызм, дак жаліцца.

— Я бачу, Сідар ужо таксама хітраваць стаў, як даўней Хомка Берасцень, — заварушыўся на ўслоне Вяршкоў.

Зазыба засмяяўся.

— Гэта ў цябе жонка яшчэ маладая, — сказаў ён, — дак ты малайцом ходзіш сярод нас. Таму, мабыць, не верыш і другім, калі хто жаліцца на здароўе па старасці. Вядома, табе трэба, а то жонка пахапае свае вузлы да ходу.

— У мяне яшчэ ёсць чым прывязаць да сябе жонку, — з раздражненай самазадаволенасцю буркнуў Вяршкоў.

Тады Зазыба зноў як падначыў Вяршкова:

— Дак гэта справа такая. Хто чым можа, той тым і трымае. Сцяпан Ткачоў вон дак нават пута прывязваў у сесла для парадку.

— Ат, — махнуў рукой Вяршкоў, робячы выгляд, што яму зусім не цікава такая размова, — як за тоўстае бярно брацца, дак заўсёды хітрыя знойдуцца. А цяпера таксама трэба цяжкае бярно падымаць. Дак, можа, Сідар твой і жаліцца таму пачаў. Яны тама, на тых пасёлках, усе здатныя Хомку пераймаць.

У Верамейках даўней жыў Хомка Берасцень, па мянушцы «Абы» — абы етак, абы так,— чалавек, які, бадай, усё жыццё прытвараўся. Дык пра таго Хомку цяпер вось і нагадваў Парфён Вяршкоў. Берасцень хадзіў ледзь не з маладых гадоў па вёсцы з кульбай. І, можа, таму, што выгляд меў сапраўды не самавіты, яго нараканням на здароўе верылі. Але аднойчы за ім верамейкаўцы ўсё ж падгледзелі. Хомка тады паваліў на край балота тоўстую вольху, але не разлічыў — дрэва гахнулася ў багну. Вольха патрэбна была на падлогу ў клеці — збіраўся сам пакалоць на дошкі, каб не наймаць пільшчыкаў. Але ж не будзеш калоць на багне — па горла, трэба вывалачы на трывалы грунт. І вось Хомка абхапіў рукамі камель, прыціснуў да правай бачыны і, таго не думаючы, што за ім пільнуюць, патарабаніў вольху на сухое, ажно сучча затрашчала на купінах. Вядома, у Верамейках гэта выклікала ўсеагульны рогат — ну і Хомка Берасцень!..