Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 50

Іван Чыгрынаў

Але з таго дня стаў, можа, самым заўзятым чалавекам у калгасе і рабіў у ім, як для свайго дому. У трыццаць сёмым яго паводзіны таксама не засталіся незаўважаныя. Калі прыйшлі газеты аб судзе над маршалам Тухачэўскім, які быў арыштаваны разам з іншымі вядомымі военачальнікамі, у Верамейках ішоў калгасны сход. На сходзе прысутнічаў начальнік раённага аддзела НКУС Злотнік. Можа, якраз гэтая акалічнасць і стала прычынай, што на сходзе пачалася размова пра новых «ворагаў народа». Вядомая справа, у Верамейках Тухачэўскага таксама закляймілі ганьбай: на сходзе была прынята рэзалюцыя, дзе ўхвалялася для маршала найсуровая кара. Але ў часе галасавання рэзалюцыі знайшоўся чалавек, які ўстрымаўся. Гэтым чалавекам быў Парфён Вяршкоў: раптам ён падняў руку сваю там, дзе не трэба было вытыркацца. Начальнік раённага аддзела НКУС ажно разгубіўся ад нечаканасці, хацеў нават не заўважыць высунутай рукі. Тады Вяршкоў падаў голас. Гэта раззлавала начальніка — абавязкова ж трэба было здарыцца выпадку на сходзе, які ішоў пры яго непасрэдным удзеле!.. І вось Злотнік халодным голасам просіць Вяршкова растлумачыць «таварышам калгаснікам», па якіх матывах ён хоча ўстрымацца. Той-сёй і з мясцовых актывістаў пачаў шыкаць на неслуха. А стары Ціток — ён заўсёды на сходах сядзеў на першай лаўцы — дык той наогул памкнуўся сказаць ад імя радавых калгаснікаў у процівагу Вяршкову слова (закрычаў — дайце гаварыць, дайце гаварыць!). Але ў прэзідыуме не дазволілі яму выступіць — ці то не паверылі, ці, можа, наогул не захацелі аддаваць ініцыятыву ў палітычнай справе. Тады Вяршкоў сам падняўся і растлумачыў свае паводзіны наступным чынам: у Сталінскай канстытуцыі, маўляў, запісана, што кожны грамадзянін краіны можа галасаваць і за, і проці, а можа таксама ўстрымацца, адным словам, ён, Парфён Вяршкоў, дзейнічае паводле канстытуцыі. Гэта падзейнічала: паколькі начальнік раённага аддзела НКУС, як і ўсе, хто прысутнічаў на сходзе, нічога не меў супраць сталінскай канстытуцыі, то адразу перастаў дапытвацца, назваўшы напаследак Вяршкова спярша вясковым дэмагогам, затым проста адсталым элементам, якога яшчэ трэба выхоўваць і прывесці да класавай свядомасці. Ну і вядомая справа — Вяршкова пачалі выхоўваць пасля таго амаль усе, хто меў да гэтага хоць якое дачыненне: і старшыня сельсавета Ягор Піліпчыкаў, і дырэктар школы Бутрыма, і ўчастковы міліцыянер Ляўшоў... А грахоў, накшталт пералічаных, у Вяршкова было-такі. Кожны ў Верамейках мог бы ўспомніць што-небудзь і расказаць пра Парфёнавы «дзівацтвы». Тым часам чалавек жа зусім не блазнаваў, і гэта разумелі ў Верамейках, проста цяжка і няскора ён разлучаўся з тым, да чаго прывыкаў гадамі.