Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 49

Іван Чыгрынаў

— Значыць, Драніца з Брава-Жыватоўскім пасябравалі?

— Да ўжо і вадой не разальеш.

— Дзіва што! — не стрымалася, каб не сказаць і Марфа Зазыбава, нібыта яна наперад здагадвалася пра гэта.

— А ты ўсё як веры яшчэ не даеш, маўляў, сябрука Брава-Жыватоўскі адбіў, — засмяяўся Вяршкоў. — Але я дак не разумею — ці ты, праўда, непанятлівы, ці, можа, прытвараешся непанятлівым. Цябе нават пісьмы падмётныя нічому не навучылі. — Вяршкоў трохі памаўчаў — нібы даваў перадышку сабе. — Еты Драніца ваш... — Ён ажно нагнуў галаву і прыгладзіў далоняй сівыя валасы — спярша па цемю правёў рукой, пасля за вушамі, па абодва бакі. — Калі ты быў за галоўнага ў калгасе, бегаў каля цябе. Пасля палез з дружбай да Чубара. А ўсхадзіўся цяпера Брава-Жыватоўскі, значыць, трэба хінуцца да яго. Помніш, мужыкі на бярвенні тады жартавалі, казалі, што Брава-Жыватоўскі з Драніцам пайшлі ў Бабінавічы, каб асэсараў у немцаў папрасіць? Дак яно амаль па-нашаму і выйшла. Брава-Жыватоўскі вярнуўся адтуль паліцэйскім. Ета, мабыць, па-старому стражнік. Аднаму Драніцу чамусьці зброі не далі. Але, можа, Мікіта праўду кажа, што сам не схацеў. Базно-базном, а галаву таксама нейкую мае. Як і Раман Сёмачкін. Я і не здагадваўся, што ў Верамейках мужыкі хітрыя. Раман нават у мястэчка не пайшоў, Рахіма аднаго паслаў. Цяпера і татарын паліцэйскім. Але не ў Верамейках, а ў атрадзе. У Бабінавічах жа, каб ведаў, паліцэйскі атрад ствараюць. Набіраюць мужыкоў і з Бабінавіч, і з Латокі. І ад нас во. Адным словам, арганізоўваюць уласць. Воласць у мястэчку працуе ўжо. А Брава-Жыватоўскі тута камандуе. Кажа, што мы таксама мусім сабе новую ўласць выбіраць. Старасту. Але нешта немцы з етай справай цягнуць.

— Відаць, не дайшла чарга да Верамеек, — сказаў Зазыба. — Таксама справа нялёгкая. Паку-у-уль гэта ва ўсіх вёсках выберуць. Трэба ж папаездзіць нямала. А тута ўсё незнаёмае — і людзі, і мясцовасць... — Ён падняў вочы на Вяршкова. — А як яны тых стараст — выбіраюць ці назначаюць?

— Брава-Жыватоўскі кажа, што нібыта выбіраць будуць.

— Ну што ж, нават пры цару стараст выбіралі. Стражніка назначалі, а старасту выбіралі. Таксама дэмакратыя.

— Таму Брава-Жыватоўскі пакуль і камандуе. А Мікіта Драніца ходзіць за ім, як прывязаны: калі Брава-Жыватоўскі стамляецца, Мікіта вінтоўку следам носіць. Як ета раней, пры Мікалаю было. А можа, пры Керанскім? Здаецца ж, нават таварышам міністра чалавека называлі нейкага? Дак от і Мікіта Драніца, я кажу, і яго можна называць такім таварышам, але не міністра, канешне, да міністра Мікіта не дарос, але таварышам старшыні калгаса, таварышам старшыні сельсавета акурат можна, цяпера во таварышам пана паліцэйскага. Невядома яшчэ толькі, ці будзе ён адпісваць і новай уласці на сваіх сяброў-таварышаў?

— Будзе, будзе, — нібыта супакойваючы Вяршкова, сказаў Зазыба.

Тады Вяршкоў засмяяўся:

— Ат жа няхай дурняў вучыць! А то аднаму Мяшкову пакуль давялося за дружбу з ім паплаціцца!

Зазыба ўжо слухаў Вяршкова без ранейшага ўнутранага супраціўлення, але панура, як з перасцярогай: калі Парфён звычайна пачынаў гаварыць, то ніхто ў вёсцы не мог здагадацца, да чаго ён павядзе. Амаль усё, што паведамляў Вяршкоў цяпер, да Зазыбы ў розных варыянтах дайшло праз Марфу, якая наведвалася да суседзяў: даводзілася эканоміць нават на запалках — ужо насілі ўранні вуголле з хаты ў хату, каб распаліць дровы ў печы. Хадзіла яна па суседзях таксама і дзеля мужа: бачыла, як той нудзіўся ў няведанні — верамейкаўцы абыходзілі нечага хату, Вяршкоў, лічы, першы завітаў. Але для Парфёна, кажуць, законы не пісаны. За ім даўно ішла яго слава: здавалася, чалавек праз усё жыццё, як памятаюць яго, адно рабіў, што пярэчыў не толькі аднавяскоўцам, але таксама і наезджым людзям. У дваццаць дзевятым, калі арганізоўвалі калгас, Вяршкоў нават не пайшоў на вясковы сход — ён тады лічыўся серадняком. Ужо ўсе верамейкаўскія двары былі ў калгасе, а Парфён упарта ладзіў гаспадарку аднаасобна. І толькі ўвосень, як сабраў ураджай на сядзібе, прынёс заяву і папрасіў Зазыбу, каб разам з калгаснай заворвалі і яго зямлю.