Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 48

Іван Чыгрынаў

— Быў жа і я пазалетася на Кубані, — паёрзаў на ўслоне Парфён Вяршкоў, зусім не наўмысна паварочваючы ў другі бок гамонку. — Наша ж большая ў Ціхарэцку замужам за настаўнікам, — ён заўсёды казаў, што дачка выйшла за настаўніка, бо ганарыўся гэтым перад людзьмі, — дак таксама дзіва — абрыкосы, мы ж тута, здаецца, і не чулі пра іх. У Крутагор’і і то на базары ніколі не бывае, але тама яны растуць проста на вуліцы. Акурат во як у нас ліпы ў прысадах. Стаяць дрэвы, нават не абгароджаныя, а на іх абрыкосы!

Вяршкоў гаварыў нечага ў захапленні, нават тварам паступова святлеў. Але Зазыба, як толькі Вяршкоў змоўк на момант, спытаў:

— Ну, а што на вёсцы чуваць? — і, быццам вінавацячы сябе, дадаў: — А то я цяпера, бачыш, як жыву. Дажджы ўсё, дак і я ні да каго, і да мяне ніхто. Адзін ды адзін. Дзень пры дні.

— Што новага? Хапае, — сказаў пасуравелы Вяршкоў. — Учора быў на пасёлку. Бачыў Сідара Раўнягіна. Дак ён таксама гаварыў...

— Пра што?

— Помніш, мы надоечы гаворку мелі з табой пра калгас. Дак Сідар прасіў пераказаць...

— Я ўжо здагадваюся, — усміхнуўся Зазыба.

Вяршкоў кіўнуў галавой.

Тады Зазыба адвярнуўся — як зазлаваў.

— Але навошта спяшацца?

— А ты паслухай, тады сам падумаеш.

— Я ўжо і так многа думаў. Цяпера толькі і работы адно, што думаць. Дак от... — Зазыба зноў паглядзеў на Вяршкова, каб спытаць: — А калі раптам хутка нашы вернуцца? Якімі вачамі тады на іх глядзець будзем? Яны ж недалёка адышліся! Паслухай вон уначы, калі сцішваецца ўсё, дак чуваць, бухкаюць гарматы. Таму я і кажу, не трэба спяшацца. Тута справа яшчэ няясная. Ну, паложым, фашыст дайшоў да нас, паложым, забраў і нас пад сябе, але гэта яшчэ не ўсё, кажу, могуць жа заўтра яго турнуць назад, і ён зноў па той бок Бесядзі апынецца. Тады прыйдуць свае ж мужыкі, што цяпера недзе ваююць, паглядзяць, а ў Верамейках ужо калгаса няма, дэзерцір Раман Сёмачкін да от вы, такія паспешлівыя, з Сідарам па аборачцы ўсё па дварах расцягнулі.

Вяршкоў аблізнуў пасмяглыя губы.

— Сідара і мяне няма чаго раўняць з Раманам Сёмачкіным, — глуха сказаў ён. — Раман — ета адно, а мы з Раўнягіным — другое. Ты сам ведаеш. Тым больш што Раўнягін таксама ж ці не член праўлення.

— Ну, член.

— Дак не вораг жа калгасу?

— Не вораг.

— А навошта тады на яго гаварыць?

— Бо не падабаецца мне ваша настырнасць. Тута з галавой трэба падыход мець, а вы адразу — дава-ай, дзялі-і-і!

— Ты паслухай, што гаварыць маю. — Вяршкоў глянуў на Марфу, якая моўчкі слухала гамонку. — Ета цяпера табе Брава-Жыватоўскі ці Драніца не ўсё скажуць, а я дак яшчэ... Словам, што вушамі злаўлю, тое і табе прынясу.