Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 47

Іван Чыгрынаў

Пахаваў забітага Парфён Вяршкоў. Зрабіў ён гэта па сваёй ахвоце — узяў у хляве рыдлёўку, выкапаў магілку каля самае дарогі і закідаў небараку зямлёй, накрыўшы твар па-хрысціянску, радном.

А надвечар Вяршкоў прыйшоў да Зазыбы — прынёс Зазыбавай Марфе кош яблыкаў: было перад вялікім спасам.

Зазыба ўжо таксама ведаў пра забітага. Таму амаль адразу, як Вяршкоў зачыніў дзверы ў хату і патупаў трохі ў парозе, спытаў:

— Што там было?

— Да от... чалавека пахавалі. — Вяршкоў сказаў гэта без натугі ў голасе, як пра досыць звыклае, што ўжо даводзілася рабіць не адзін раз; ён падышоў і сеў на ўслоне, побач з Зазыбам.

— Што за чалавек? — не зводзіў з яго вачэй гаспадар.

— Дак хто ж яго ведае, — паціснуў плячамі Вяршкоў. — Але твар незнаёмы. Адно што не сянні забіты, і не ўчора. Запахнуў ужо. Пахаладнела етым дажджом, дак хоць дыхаць можна было. Няхай пухам зямля чалавеку будзе.

— І што, ніякіх паперак пры ім?

— У адных жа падштаніках ляжаў. А кляймо на мацерыі наша, савецкае. Нават нумары былі, ета калі хто разбіраецца ў іх. Але ж таксама ўцеха — буду хоць ведаць, што не немца закапаў.

— Адкуль яму было ўзяцца, немцу, тут?

— Ну от, — уздыхнула Зазыбава Марфа, якая прысела на тапчане, — пахавалі чалавека каля сваёй вёскі, а не ведаем — хто да адкуль. А недзе ж таксама клопат маюць пра яго, спадзяюцца, мабыць, што вернецца з вайны. — Рогам хусткі яна выцерла слёзы, якія раптам навярнуліся. — І што ета вайна робіць з людзьмі? Жыве чалавек і ведам не ведае, дзе яму наканавана галаву палажыць.

— Добра калі хоць на сваёй зямлі, — задумліва сказаў Зазыба.

— Яму цяпера, мабыць, усё роўна, — паківаў галавой Парфён Вяршкоў.

— Да ўжо ж, — згадзіўся з Вяршковым Зазыба, але тут жа як спахапіўся: — Не-е-е, Парфён, не кажы. Чалавек — ён такі, што калі не жыць, дак хоць ляжаць бліжэй к дому хоча. Во, помню, колькі мы хавалі ў грамадзянскую. І ад куль гінулі, і ад хвароб паміралі. У дзевятнаццатым у Армавіры тыфус пачаўся, дак нашы былі пакінулі хворых у гарах. Мой таварыш, Ляксей Сазонаў, паміраў тама. Усё прасіў, што б дамоў адвезлі. Яму яно і недалёка было, вёрст дзвесце. Гэта ў нас тут дзвесце вёрст дак дарога вялікая, ажно, здаецца, на край свету ехаць трэба, а тама ў стэпе адно, можа, ад станіцы да станіцы.