Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 149

Іван Чыгрынаў

— Ета ў яго, мусіць, ад дзеда, — нязлосна сказаў Кузьма Прыбыткоў, — ад Хомкавага бацькі. Той таксама жыў, як ты кажаш, бытта шышка натапыраная. А бацька Іванаў чалавек быў ласкавы.

Падзерын, апусціўшы ў нецярплівай усмешцы галаву, чакаў, пакуль выгаварацца мужыкі, каб усё ж давесці сваё — нечага прычапілася да яго гэтая кроўная помста!.. Але раптам пад вокнамі калгаснай канторы пачуліся паспешлівыя крокі. Зазыба падсунуўся да акна, нагнуўся да шыбіны і засланіў рукой з левага боку ад сябе святло, каб паўглядацца на вуліцу.

— Нарэшце такі, — з палёгкай сказаў Парфён Вяршкоў, думаючы, што гэта Сідар Раўнягін.

Усе заварушыліся, быццам ім патрэбна было з воза злазіць, але дарэмна. Замест Сідара ў дзвярах, калі адчыніліся напята, апынулася залітая месяцавым святлом нязграбная постаць Мікіты Драніцы. Мікіта затрымаўся трохі на самым парозе, стаўшы на яго абедзвюма нагамі, пасля нібы саскочыў на маснічыны і спыніўся пасярод канторы, паспяваючы адным часам пазнаць у прыцемках аднавяскоўцаў. Быў ён у звычайнай сваёй форме — тыя ж закарэлыя на запятках і на саюзках боты, якіх яму ставала, здаецца, на круглы год, калі яшчэ не болей, таксама доўгая фуфайка, пад якой нават штаноў не ўгледзець, і плісавая шапка, нібыта пабітая лішаём. Але гэты раз Мікіта чамусьці зусім не вушакоміўся — ёсць у Верамейках такое слова, значыць, не задаваўся, як то ўмеюць рабіць недалужлівыя людзі, затое паглядаў ён па баках з тою несхаванай сялянскай патурбаванасцю, калі кожнаму ўжо зразумела — няйначай, прыйшоў чалавек на выведкі.

— І ты, як тэй таго, тута? — казаў ён Парфёну Вяршкову.

— І я, — адказаў той.

— І ты, як тэй таго? — называў далей Мікіта Кузьму Прыбыткова.

— Як бачыш, — ківаў галавой стары.

Усе, каго Драніца надзяляў сваёй увагай, адказвалі яму з вясёлай прыжмуранасцю ў вачах, быццам распачыналі гульню і чакалі ад яе нейкай асаблівай уцехі. Нарэшце чарга дайшла да Зазыбы. Але Мікіта чамусьці не адважыўся папытацца ў таго — ці то сумеўся раптам, ці, можа, захрасла што ў горле. Тады Зазыба па-змоўніцку падміргнуў Мікіту і сказаў сам, маючы ў гэтым патаемны сэнс:

— Мы, бачыш, тута, а вы дзе?

— Мы? — ныкнуў галавой Драніца.

— У Брава-Жыватоўскага?

— Дак...

— Хто ж тама?

— Ну, Брава-Жыватоўскі, як тэй таго...

— Гэта мы ўжо знаем.

— Раман Сёмачкін...

— І пра гэта мы маглі здагадацца.

— Сілка Хрупчык...

— Гэта ўжо нешта новае!

— Тады, як тэй таго, Рахім, што ў Бабінавічах паліцаем. Дак прыйшоў, як тэй таго, у госці. Раман казаў, што да Ганны во начаваць павядзе яго.

Ганна, пачуўшы гэта, не ўзбурылася, адно сказала, як пра нешта зусім вясковае:

— Няхай толькі напалохаюць мне дзяцей, тама, дак!..

— Значыць, цябе яны паслалі сюды? — не зводзіў з Мікіты насмешлівых вачэй намеснік старшыні калгаса.

— Чаму ета яны? — незалюбіў Мікіта. — Сам ішоў міма, дак бачу, як тэй таго, цяпло ў вокнах.

— Не хітруй ужо, Мікіта, прызнавайся, — кінуў тады з лаўкі сваю заўвагу Парфён Вяршкоў.