Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 148

Іван Чыгрынаў

— А знаеце, каго я сустрэў сянні? — успомніў раптам Іван Падзерын. — Кулака таго з Гончы, што некалі вывезлі ўсю сям’ю.

— Ета каго ж? — выцягнуў шыю Кузьма Прыбыткоў.

— Да, мабыць, Шкроба, — падказаў Парфён Вяршкоў.

— Во-во! — падхапіў Іван Падзерын.

— Дак самога ай сына? — папытаў Кузьма Прыбыткоў і дадаў: — У Шкроба ж сын сямейны быў.

— Самога, — сказаў Іван Падзерын. — Ішоў каля Стаючага возера, відаць, на Гончу. Але як пабачыў мяне, дак запыніўся. Кажа, я цябе ведаю. Ну, мы і пагаварылі. Змарнелы такі, зарослы. Пытае, ці даўно я ў Гончы быў. Нядаўна, кажу. А што там новага, пытае. Як і паўсюды, кажу. А ён мне — пайду хоць з абідчыкамі сваімі паквітаюся.

— Ну і час настае... — пакруціў як у адчаі галавой Парфён Вяршкоў. — З кулакамі етымі таксама...

— Час якраз такі, каб пашкадаваць кулакоў, — кпліва ўсміхнуўся Зазыба.

Тады Кузьма Прыбыткоў паглядзеў задзірыста на Парфёна Вяршкова і сказаў:

— Ета Дзянісу дзякуй трэба сказаць от. Праз яго ў Верамейках раскулачаных не было.

Але Зазыба сам не захацеў Кузьмовай пахвалы.

— Пры чым тут Зазыба? — паморшчыўся ён і сказаў, нібыта ў разліку на кагосьці яшчэ, хто неўпрыкмет прысутнічаў у канторы: — У нас і папраўдзе кулакоў не было!

— Да ўжо ж! — як несвядома кіўнуў галавой Прыбыткоў.

— Але каб тады да замест Зазыбы хто іншы быў, дак знайшліся б і ў нас кулакі,— сказаў Парфён Вяршкоў. — Вон як у Бабінавічах. Тама, калі спатрэбілася, дак і незгаворлівыя сераднякі сышлі за кулакоў, абы аднаасобнікаў менш.

— А яно і трэба было б забраць таго-сяго з вёскі, — кінуў вокам на Зазыбу Кузьма Прыбыткоў. — Цяпер во спакайней жылося б.

Вядома, усе разумелі, каго меў на ўвазе рахункавод — таго ж Брава-Жыватоўскага, можа, нават Рамана Сёмачкіна, аднак гатовы былі паадварочвацца адзін ад аднаго, каб не большыць гаворкі, бо справа тычылася аднавяскоўцаў, а ў такіх выпадках верамейкаўцы звычайна давалі пасу: было ў вёсцы нешта як ад несвядомай кругавой парукі. Праўда, гэта магло не датычыць Брава-Жыватоўскага, бо той быў прышлы, але гады, што пражыў ён у Верамейках, таксама незвяглівы характар, які ажно вунь як умеў вытрымліваць у патрэбных межах былы махновец, адыгралі сваё. Якраз па гэтай прычыне не прагучала па-належнаму ўжо і наступная заўвага Івана Падзерына, сказаная ў сувязі з Кузьмовымі словамі:

— От бачыце, а вы казалі пра грузінаў! Яно і беларусы няпроць калі... Нездарма ж Шкроб еты пагражае каму-небудзь кроў пусціць у Гончы, а не дак...

— Але і праўда, табе бытта крыві захацелася!.. — здзіўлена паглядзеў на рахункавода намеснік старшыні калгаса.

— Нешта Хаміч сянні дужа настырны, — азвалася тады ледзь не сонным голасам і Ганна Карпілава: яна была сцішылася адна на лаўцы, але ж у канторы паступова зноў рабілася голасна.

— А яшчэ Цукар Мядо-о-овіч! — пажартаваў Кузьма Прыбыткоў.

— Дак яму ці засталося ўжо таго мёду? — засмяяўся на гэта Парфён Вяршкоў. — Бацька ўвесь спажыў. Той дак і праўда быў і Цукрам Мядовічам. Здаецца, і праўду цярэбіць у вочы, а от жа неяк... далікатна ўсё, бытта пад цябе што сцеліць пры етым, як анёлу таму, калі з неба падае. Не, бацька яго мянушку ету па праву насіў, а Іван ужо не заслужвае — нейкі натапыраны, бытта шышка тая з хвоі.