Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 150

Іван Чыгрынаў

Мікіту яўна прыпіралі да сценкі. Ён гэта адчуваў. Таму сказаў на ўвесь голас, бы вельмі пакрыўджана:

— Ну, як хочаце, — і павярнуўся ісці да парога.

Але над сталом падняўся вялікім ценем Зазыба.

— Нікуды ты не пойдзеш, раз прыйшоў сюды! — Ён не хацеў выпусціць Драніцу з канторы, каб той не ўзварушыў сваіх сабутэльнікаў раней часу. — Сядай во з мужчынамі да таксама пагавары. Ты нават не здагадваешся, чаму мы сабраліся тут?

— Дак усе праўленцы!..

— А Кузьма во?

— Дак...

— А Парфён?

— Дак...

— Сядай, сядай! — ужо ледзь не хапаючы Драніцу за крыссё, казаў Зазыба. — Будзеш таксама голас мець, калі што якое.

Драніца муляўся, але не паслухацца не мог.

— Калі трэба, як тэй таго, — робячы выгляд, што з неахвотай даецца на ўгаворы, паціснуў плячамі ён.

А мужыкі, наадварот, засмяяліся — маўляў, не шлындай ад кампаніі да кампаніі.

Праз нейкі момант Парфён Вяршкоў падначыў Драніцу:

— Ты б расказаў, як тама ў Бабінавічах вам было з Брава-Жыватоўскім? Як немцы?

Але Драніца сцяўся ўвесь на лаўцы:

— Ніяк, як тэй таго...

— Чаму ета?

— Таму!

— Ладна, Мікіта, не будзь!..

— Што вы ка мне прысталі, як тэй таго? Вон Зазыба таксама ехаў праз Бабінавічы, дак і ён бачыў немцаў!

— Ён расказваў ужо.

Драніца недаверліва цыўкнуў вачамі — мусіць, яму не надта хацелася апавядаць пра свой добраахвотны паход у занятае немцамі мястэчка. Але ён добра ведаў верамейкаўскіх мужыкоў: раз тыя прычапіліся ўжо, то ўсё роўна на чым-небудзь заблытаюць. Напрыклад, на той жа торбе, якую выкапалі вясковыя хлапчукі тады на гародзе. А якраз гэтага Мікіта сама больш баяўся. Таму нічога не заставалася, як зрабіць згаворлівы выгляд.

— Дак мы тама кожны па сабе-е-е, — яўна адмяжоўваючыся ад Брава-Жыватоўскага, пачаў Драніца. — Ён жа мяне за перакладчыка, як тэй таго, браў. Але тама адзін пайшоў да каменданта, бо Адольф, як тэй таго, сам разумее па-нашаму. Я застаўся ля ганка. На вуліцы грузавікі нямецкія стаялі акурат. Дак я і застаўся, як тэй таго. Спярша боязна было — а раптам, як тэй таго, які дурны герман возьме да трахне ў жывот з аўтамата. У іх жа ва ўсіх аўтаматы, не тое, што ў нашых салдат, як тэй таго. Дак і я, думаю, мабыць, дарэмна, як тэй таго, увязаўся за Брава-Жыватоўскім! Лепей дома б сядзеў! Але бачу, як тэй таго, немцы нават не зважаюць на мяне. Сядзяць сабе на мураве паўз платы, гяргечуць, як тыя яўрэі, бывала нават і мне зразумець цяжка, да ядуць нешта ў золаце. Ну, я тады, як тэй таго, і пасмялеў. Балазе, галодны пабег з Брава-Жыватоўскім.

— Няўжо ў немцаў чаго папрасіў? — як не злякаўся Іван Падзерын.

— Так бы яны яму і далі! — ажно з зайздрасцю сказаў на гэта Кузьма Прыбыткоў.

Але Драніца запярэчыў:

— А можа б, і не пашкадавалі, як тэй таго! Падыходзілі ж местачковыя падшывальцы, дак немцы ім давалі.

— Не, мусіць, усё ж пашкадавалі б, — пакруціў галавой Іван Падзерын, — бо... у золаце...

— Дак у іх жа, як тэй таго, усё загорнута ў золата, — ужо падскокваючы на лаўцы, пачаў даводзіць Мікіта.

Тады не ўтрымаўся Парфён Вяршкоў.

— Ета саўсім і не золата, — падаў ён свой усяведны голас. — Ета, мусіць, папера такая ў іх. Дак у яе яны і загортваюць... тама сыр, масла рознае... І не з золата яна, а як пасярэбраная.