Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 147

Іван Чыгрынаў

— Але ж і вечар сянні!

— Ета Чубар любіў за ваколіцу такімі вечарамі хадзіць, — млява ўсміхнулася на Іванавы словы Ганна Карпілава.

— Успомніла! — зарагатаў тады на ўсю калгасную кантору Іван Падзерын.

Ганна нечага зазлавала:

— Чаго ржэш? — і як з нянавісцю паглядзела на рахункавода.

Той праглынуў рогат, але пакпіў:

— Кажу, успомніла!..

Даволі было ўнесці ў кантору гэтую ўзбуджанасць, як зноў пачулася бязладная гаворка, якую спярша падтрымаў Парфён Вяршкоў, надумаўшы абараніць жанчыну.

— Прыемнае заўсёды прыемна ўспомніць, — падаў ён голас, — але скажу праўду — як быў я летася палявым сторажам, дак Ганну з Чубарам ніколі не бачыў, ета праўда. Другія хадзілі, а Ганны не бачыў.

— Дык навошта ёй было хадзіць за вёску — не сунімаўся як пакрыўджаны Іван Падзерын, — калі ў яе месца хапала і ў амбары, на збожжы яно яшчэ лепей, чымся на тым сене.

— Ета ты так гаворыш, бо сам не паспытаў етага рабіць на тым збожжы, — сказаў Падзерыну Парфён Вяршкоў. — Пасля і на другі дзень зярняты з цябе будуць сыпацца.

Мужчыны зарагаталі.

Але Ганну, здавалася, ужо не кранала гэта — яна адно пакутліва сказала, звяртаючыся да Зазыбы:

— Адпусціў бы ты мяне, дзядзька Дзяніс, дамоў адсюль. Хрыстом богам прашу. А то нават не ведаю, як тама малыя мае.

Зазыба ад яе голасу плюснуў вачамі, быццам ачомаўся ці прагнаў ад сябе насланнё, а тады неяк нанава абвёў позіркам прысутных — наколькі хапала святла (і таго, што давала на кантору лямпа, і таго, што кідаў у вокны месяц).

— Нешта і праўда няма Сідара... — пашкадаваў ён.

— Можа, зусім не прыедзе? — падаў няхітрую думку Кузьма Прыбыткоў.

— Павінен прыехаць, — пачаў тады супакойваць дзядзькоў намеснік старшыні калгаса. — Я ж яму паперку напісаў, каб верна было.

— А калі ён лазню топіць для бабінавіцкага каменданта? — засмяяўся раптам Кузьма Прыбыткоў. — Яны ж тама, на сваіх пасёлках, прывыклі ўсякаму начальству дагаджаць. Дак, можа, і цяпера во забегалі, балазе, начальства новае.

Нечакана Кузьмоў жарт выклікаў ва ўсіх рогат, нават Зазыба, да чаго ўжо маўклівы апошнім часам ды пануры, але і той адпіхнуўся ад стала рукамі і, датыкаючыся спіной да тынкоўкі на сцяне, ажно закалаціўся ў сваім нягучным рогаце: у Верамейках наогул, быццам ад зайздрасці якой, мелі звычку злосна пацьвельвацца з кулігаеўскіх і мамонаўскіх мужыкоў, можа, таму, што тыя багацей жылі нават у адным калгасе.

Насмяяўшыся ўволю, Зазыба выціснуў вялікім пальцам левай рукі слёзы з вачніц, спытаў Кузьму:

— Кажаш, лазню топіць для каменданта?

Але Кузьма ўжо нібыта засаромеўся сваёй дасціпнасці, сказаў, як перапрашаючы:

— Дак ета я...

— Давайце-ка пачынаць будзем без Сідара, — прапанаваў тады Парфён Вяршкоў. — А то ноч скора кончыцца.

— Трэба яшчэ трохі пачакаць, — паглядзеў на яго Зазыба. — Няхай хоць Хрысцінін хлопец вернецца. Тады будзем, няйначай, ведаць.