Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 146

Іван Чыгрынаў

— Ета праўда, — падтрымаў Вяршкова Кузьма Прыбыткоў, — сям’і таго чалавека няма ўжо ў Малым Хоцімску. Але сына яго неяк мы бачылі з Пракопам сваім. Тады якраз у Кажлаёў дошкі пілавалі. Дак гаспадар адзін і сказаў мне, што ягоны падпасак і ёсць сын хоцімскага мужыка, якога нашы верамейкаўцы забілі. Я дак ажно паглядзець пацікавіўся. Гадоў дванаццаць хлопцу было. Дужа кніжкі чытаў. Можа, вывучыўся недзе.

— Яно па-вучонаму дак яшчэ...

Але дагаварыць Івану Падзерыну перашкодзіла Ганна Карпілава, якая раптам падала аб сабе голас:

— Пусцілі б вы мяне, мужыкі, дамоў. А то калі той Сідар прыедзе? Да і ці прыедзе яшчэ?

— Сядзі, — строга сказаў ёй Зазыба.

— Дак малец жа хворы. У жары цяпера недзе ляжыць! Да і рабіць мне няма чаго з вамі. У амбарах жа хоць шаром пакаці. Адна старызна — некалькі скур папрэлых да хамуты, у якія даўно не запрагалі коней. Так што і дзяліць няма чаго.

— Парадак ёсць парадак, — адвярнуўся недавольны Зазыба, але дадаў: — Ты б хоць папрасіла каго тады паглядзець за тваімі хлопцамі на гэты час. Ведала ж, куды ідзеш і зачым.

— Дак... — Ганна адно сцепанула плячамі ды туга пацягнула за рог чорную хустку вакол шыі, якая была завязана на галаве так званым вясковым буданком.

Мужчыны адчулі на нейкі момант сябе быццам ніякавата, але заступіцца за Ганну ніхто не падумаў. Затое колькі хвілін сядзелі прымоўклыя. Курыў толькі Кузьма Прыбыткоў, але смаліў як за ўсіх, таму пад столлю ў канторы, што была слаба асветлена пузатай лямпай на крывых ножках, плаваў дым. Святло ад лямпы трапляла больш на Зазыбу, які сядзеў насупраць, тады на Івана Падзерына, што на правах рахункавода таксама прыладкаваўся паблізу, локці за тры ад намесніка старшыні калгаса; астатнія верамейкаўцы — і члены праўлення, і радавыя калгаснікі — сядзелі на суножнай лаўцы ўздоўж сцяны з вокнамі, але не адзін каля аднаго, а наводдаль, з няроўнымі прамежкамі, быццам прыехалі аднекуль на суд; далей за ўсіх ад стала, ужо ледзь не ў парозе, выбрала сабе месца на лаўцы Ганна Карпілава.

На дварэ была невысокая поўня, і святло месяца, якое трапляла праз вокны, коса ляжала на дошках падлогі, адбіваючы ледзь не карункавыя абрысы аконных рам. Паверхня месяца яшчэ нядаўна была ўся аранжавая, серабрыцца пачала якой паўгадзіны таму, бо святло не набрала пакуль таго зачараванага бляску, што стварае ўражанне, быццам знаходзішся ў нерэальным свеце.

Першая чвэрць перайшла ў поўню ўжо ці не на тры дні таму, але надвор’е мянялася марудна, быццам недзе страчаны былі законы фазавага пераўтварэння: толькі гэты, мінуўшы, дзень выдаўся наскрозь з сонцам; на ноч неба таксама першы раз засталося чыстым, і цяпер вось месяц шастаў за вёскай, якраз над ровам з глінішчам, зазіраючы ў цёмна-чырвоныя пашчы круглых пячурак.

Мужчыны, здаецца, перагаварылі ўжо ўсё, што хацелі і не хацелі, і ў чаканні Сідара Раўнягіна паступова трацілі цікавасць адзін да другога.

Кузьма Прыбыткоў перастаў нават курыць, пачаў патроху драмаць на лаўцы. Парфён Вяршкоў тым часам талопіў у цёмную пустоту позірк сваіх пацяжэлых вачэй і барабаніў пальцамі сагнутай у локці левай рукі па гладкім падаконніку. А Іван Падзерын выйшаў на колькі хвілін у двор, вярнуўся адтуль і сказаў, пацепваючы плячамі: