Читать «Паплавы» онлайн - страница 6
Алесь Асіпенка
Чалавек падышоў уразвалку. Быў ён мажны, нават нейкі квадратны. Працягнуў шырокую мазолістую рукў, сказаў:
— Даміра, Тарас Тарасавіч, — і адразу ж спытаў: — Калі да нас?
— Хачу сёння...
— А вы не спяшайцеся. Чаго вам... Пагуляйце ў гарадку, у гасцініцы пажывіце. А то ў нас не вельмі вялікая раскоша.
Вера была здзіўлена: чакаў чалавек заатэхніка і раптам — пагуляйце. Адказала настойліва, нават са злосцю:
— Сёння паеду, абавязкова сёння.
— То тады можаце са мной. Толькі, прабачце, легкавых машын не трымаем. «ГАЗ» — усяго «ГАЗ».
— Добра і на «ГАЗе».
Даміра адышоўся, сеў, засмучоны, задумаўся Чакаў мужчыну, здаровага, гарластага, а тут дзяўчыну прыслалі...
Праз якую гадзіну Вера схала ў Закружжа, стоячы ў кузаве грузавіка побач з Дамірам. У твар біла гарачае, сухое паветра, за машынай клубіўся дробны, перацёрты пыл. Доўга маўчалі.
— Што? Думаеце, піў чаму?..— загаварыў раптам Даміра.
— Нічога не думаю.
— А Ліпанава падумала. От жа дзеўка, заўтра Сяльчонак ужо будзе ведаць.
— Баіцёся?
— Не маленькі, проста непрыемна. Слова даваў. У мінулую пятніцу на бюро выклікалі. Думаў вызваляць ад работы. Дзякую, што Сяльчонак і Канькоў абаранілі. Ды каб што дрэннае зрабіў, дык жа не. Ёсць у нас даярка Матрона Башукевіч, жонка начальніка пошты. Вось неяк злавіў я яе, калі яна ў малако ваду падлівала. Толькі, значыць, хацеў людзей гукнуць, а яна піхнула бітон, малако і разлілося. Не сцерпеў я, ды яе штурхануў ціхенька ў грудзі. Ну, яна і павалілася, плячо абадрала. Плячо ў яе на другі дзень зажыло, а мяне з тыдзень муштравалі следчыя, ды на бюро яшчэ ў дадатак вымову вынеслі... Вось кажуць, што я п’ю. А калі разабрацца, дык жа абставіны прымушаюць. Да касавіцы, самі ведаеце, які тыдзень застаўся, а касілкі стаяць, частак няма. Дзе ты іх возьмеш?.. А гэты кулак — пятроўскі старшыня — летась усе запчасткі сабе загроб. «Што ты іх з мясам есці будзеш?» — пытаюся. А ён смяецца: «Пад мяса і гарэлка пойдзе». Намякае, гад гэтакі. Памуляўся я, аднак жа не дзе дзенешся!.. Вось і частаваў яго.
Вера маўчала, прыглядаючыся да навакольных мясцін. Дарога бегла па грэбеню ўзвышша, якое далей на поўнач абрывалася, пераходзіла ў парэзаную пагоркамі і рэчкамі нізіну. Можа кіламетраў на дзесяць з машыны былі відаць вёскі, прысады, пералескі і нават невялікае азярцо.
— Вось якраз паперкі вязу, вазьміце,— Даміра падаў Веры скрутак сіняватых бланкаў.— Кармавы баланс, справаздача. Трэба адаслаць. Зойдзеце да Лёнькі Зайчыка, рахункавода, ён вам паможа запоўніць.
— Я і сама магу.
— Ну-ну... Балансы, рамансы, фінансы... Глупства. Я табе што хочаш напішу, а карысць дзе? Паперкі гэтыя вось тут сядзяць,— Даміра пастукаў у грудзі кулаком.— Ваяваў я, напрыклад, дык ці трэба каму былі тыя паперкі?.. Улажыў гада — адным менш на зямлі стала. А то ўсё па палічках раскладзі, падлічы і далажы.
— А вы кім на вайне былі?
— Я, дарагая, партызан, народны мсцівец. У гэтым і заключаецца ўвесь адказ. Ну, а калі канкрэтней, дык спачатку радавы, падрыўнік, потым камандзір узвода разведкі.