Читать «Паплавы» онлайн
Алесь Асіпенка
Алесь АСІПЕНКА
ПАПЛАВЫ
Аповесць
Адзін крок да шчасця
У пачатку ліпеня, калі на падзвінскія лугі выпаўзаюць стракатухі-касілкі, мядовы водар кветак трымаецца ў паветры ледзь не да самага світання. I толькі тады, як на сенажаці выпадзе буйнай расой туман, прыемная духмянасць траў прыпадабляецца да моцнай настойкі чабаровага чаю. А раніцай, калі гарачае сонца высушыць абшары, густыя травы зноў набудуць сваю тонкую пахучасць. Так і трымаецца яна аж да тае пары, пакуль пабялелая збажына не пераб’е яе своеасаблівым водарам спелага жыта.
Хораша ліпеньскімі днямі ў падзвінскіх вёсках! Прывольныя лугі вабяць сваім раздоллем, прыгажосцю, цудоўнай стракатасцю колераў і размаітасцю пахаў; празрыстыя воды Дзвіны і яе прытокаў — сваёй ласкавай свежасцю; сасновыя бары — мяккай, як шоўк, травой і смалістым здаровым паветрам.
Хораша на Падзвінні!
I
Вера ўцякала ад сябе, ад той вымушанай хлусні, якая да пары да часу захоўвала яе тайну. Тайны магло і не быць. Тады не было б гэтых віншаванняў, спагадлівых слоў і недаўменных пацісканняў плячыма. На яе раптоўны ад’езд, магчыма, ніхто не звярнуў бы ўвагі. Але тайна была. Таму даводзілася прытварацца; нясцерпны сорам апякаў Верыны шчокі. Добра яшчэ, што людзі не вельмі здагадлівыя і сарамлівую чырвань прымаюць за міжвольнае хваляванне перад невядомым заўтрашнім днём.
— Ну што ж, не маю права далей затрымліваць,— дырэктар працягнуў Веры руку. Яна паціснула яе, зноў пачырванела.— Можа, машына спатрэбіцца, калі ласка, званіце.
Вера падзякавала.
— Упраўлюся сама. Пакуль што нічога з сабой не бяру.
— Як жа вы дабярэцеся? Вася на «Пабедзе» давязе вас за гадзіну.
— Лепей аўтобусам. Ды я добра і не ведаю, калі паеду.
— Адным словам, у любы час званіце.
Вера падумала: «Каб ты ўсё ведаў, не быў бы такім добрым».
— Не забывайце нас,— прадаўжаў дырэктар.— Лідзія Паўлаўна і я будзем заўсёды рады вас бачыць.
— Дзякую за вашу гасціннасць,— у тон яму адказала Вера.
Яны зноў паціснулі рукі. Вера выбегла ў калідор. Гладкі паркет блішчэў і, здавалася, дыбіўся хвалямі — такі быў узор. Вера прыпынілася.
Вось на гэтым месцы яна аднаго разу паслізнулася і ўпала. Адзін нязначны выпадак, і так крута змянілася жыццё. А калі б яна тады не ўпала? Напэўна, не вышла б замуж. Не сустрэлася б з Рамірам. I цяпер не трэба было б ехаць з горада, да якога прывыкла.
На вуліцы стаяў цёплы вечар. Сонца вісела над помнікам, што вялізнай птахай узносіўся ў неба. Над батанічным садам плылі купкі белых аблокаў. У мелкай рэчцы з крутымі берагамі плюхаліся голыя хлапчукі, далей, за плацінай, на люстраной гладзі азярца сноўдалі лодкі. Над рэчкай плыла мелодыя нейкай вельмі знаёмай песні. 3 горада даносіўся прыглушаны далечынёй гул.
Ля першага тэлефоннага аўтамата Вера спынілася. Азірнуўшыся, спрытна апусціла манетку, набрала нумар. Здалёку даляцеў густы мужчынскі голас:
— Гэта — Вера?
— Ты заняты?
— Прыдзі праз гадзінку.
— Мне на пару слоў.
— У пачатку было слова, чуеш, Вера, слова, а не справа.
— Ты ўсё жартуеш...
— Слёзы — прадвеснікі весялосці, жарты — прадвеснікі любві. Я вельмі заняты, Вера. Чакаю цябе праз гадзіну.