Читать «Паплавы» онлайн - страница 7
Алесь Асіпенка
— А цяпер, мусіць, больш за полк народу? — пажартавала Вера.
— Дывізія...
Даміра раптам крутнуўся, ледзь не вываліўшыся з машыны.
— Асцярожна...
— Нічога, я жывучы,— і ён зарагатаў.
III
Над лесам, у празрыстай сіняве неба, вісеў каршун. Потым неяк адразу сігануў уніз, знік у гушчары, на імгненне ўзляцеў над востраверхімі ялінамі, трымаючы ў кіпцюрах нешта невялікае, і зноў прапаў з вачэй.
Вера доўга, пакуль не заныла шыя, углядалася ў тое месца, дзе, на яе думку, мог паявіцца каршун, потым кінула свой дарэмны занятак. Да вечара заставалася не так ужо і многа, а яшчэ трэба было абследаваць прырэчны луг і вялізную пустошу Балонне. Прыпамінаючы лекцыі, што слухала ў інстытуце, Вера спрабавала падлічыць, колькі сёлета калгас накосіць сена. Увесь невялікі сшытак яна спісала лічбамі.
Луг быў няроўны. На ніжэйшых месцах, бліжэй да рэчкі, трава даставала крыху не да пояса. Кусцілася чаротніца, над ёй узнімаліся абсыпаныя пылком свечы лісахвосту, ніжэй цягнулася да сонца далікатная мятліца, дзе-ні-дзе прабівалася шчучка ці вастрыца, і ўсё гэта перапляталася знізу жаўтакветкавай рутвіцай, чырвонай канюшынай. Далей ад ракі, на пагорках, трава была рэдкай і нізкай. Нават метлюжок, аўсяніца, вастрыца не дасягалі тут сваіх звычайных памераў. Месцамі пракідалася канюшына з ружаватымі паўсухімі пампонамі кветак, нізка па зямлі слаўся мышыны гарошак, зрэдку вытыркаўся белымі кошычкамі кветак крываўнік, то тут, то там жаўцеў казялец, і сярод гэтай мешаніны траў ганарліва пагойдваліся на тонкіх ножках густа-блакітныя бутоны званочкаў, на сухіх, жорсткіх сцяблах цвілі малінавым цветам кветкі букавіцы, бялелі рамонкі. На вышэйшых месцах расліннасць была яшчэ бяднейшая. Цэлыя лапіны на лузе адваявалі сабе братаўка ці званец, чарнагалоў. Сярод іх дзе-ні-дзе расла духмяная дзятліна.
Паспрабуй улічы гэтую разнастайнасць траў, перавядзі іх у кармавыя адзінкі, як таго патрабавалі бланкі справаздач. Вера прайшлася ля рэчкі, павярнула на сухадол, некалі падсеяны цімафееўкай. У траве звінелі конікі, невысока над полем спяваў позні жаўрук, пад нагамі з трэскам лопаліся стручкі духмянага гарошку. У жыце за дарогай нібы драў анучу драч — дзір-дзір. Яму адгукнулася перапёлка — шыць-палоць, шыць-палоць. Недзе зусім побач. Пачуўшы Верыны крокі, змоўкла. Дзяўчына спынілася. Неўзабаве «шыць-палоць» пачулася крыху далей і справа. Вера асцярожна, на дыбачках пайшла на птушыны голас. Ёй хацелася абавязкова ўбачыць перапёлку. Але птушка, крыкнуўшы разы са два, зноў змоўкла, а потым яе голас пачуўся ўжо злева. Тады Вера, не стрымліваючы сябе, пабегла туды, дзе зноў прытаілася перапёлка. Але яе і там ужо не было. Дзяўчына, не верачы сваім вачам, нават памацала навокал траву. Перапёлка азвалася далёка наперадзе. Вера зноў пабегла на яе голас, і калі ўжо зусім страціла ўсялякую надзею ўбачыць таямнічую птушку, перапёлка выпырхнула раптам з-пад ног. Куляючыся і няўмела хлопаючы крыламі, яна крыху праляцела і звалілася ў траву. Затым прапала і доўга не падавала голасу. Нарэшце, яе пераможнае «шыць-палоць» пачулася на тым самым месцы, адкуль яна пачала ўцякаць ад Веры.