Читать «Паплавы» онлайн - страница 5
Алесь Асіпенка
— А я вас за артыстку палічыла,— яшчэ раз зірнуўшы на манікюр, сказала сакратар.— Аж вы заатэхнік... Вас як сюды, паслалі?
— Не разумею...
— Па агульнаму размеркаванню, ці як? Мы, я ведаю, толькі нядаўна заяўку далі, а размеркаванне было яшчэ зімой.
— Я павінна была на кафедры застацца. Потым заяву падала.
— Гэта добра. Раён у нас перспектыўны. Не думайце, што глухамань. Прамысловасць ёсць: завод па вырабу колаў — адзіны ў вобласці. Нядаўна ў Завольшы мінеральную ваду знайшлі. Кажуць, лепшую за «Есентукі».
Вера ўсміхнулася.
— Я — вясковая. Не ўцяку.
Нехта пазваніў па тэлефоне. Пакуль сакратар размаўляла, Вера спрабавала адгадаць, што яна за чалавек.
— Шкада,— пасля размовы пачала сакратар,— што Сяльчонак, наш сакратар райкома, у калгас паехаў. Разумны чалавек, я вам скажу. Ну, ды яшчэ пазнаёміцеся. Пра абстаноўку вам Маленчанка, мабыць, расказваў. Не? Калгас сярэдні, нават ніжэй сярэдняга. Партыйнай арганізацыі няма. Камсамольская — чалавек дваццаць. Старшыня — Даміра, партызан. Некалі грымеў тут, а цяпер крылы апусціў. Нядаўна даярку набіў. Удзельным князьком адчувае сябе. Здымаць хацелі, але Сяльчонак заступіўся. Паможаце камсамольскую работу там наладзіць. Лекцыю прачытайце, добра было б, каб дыспут арганізавалі, наладзьце спаборніцтва даярак. Добра? Ну, сказана — зроблена.
— Многа вы мне даручэнняў надавалі.
— I яшчэ прыбавім,— усміхнулася Ліпанава.— Дарэчы, пра галоўнае ледзь не забылася. Есць рашэнне ЦК, вось прачытайце — вас датычыць. Аб пасылцы камсамольцаў на фермы.
Вера прабегла вачыма пастанову, запыталася:
— Гэта таксама я павінна пасылаць?
— Там Ева Пляскач сакратаром працуе. Трымайце з ёй сувязь. Пагаварыце з моладдзю, склічце сход. Хутка і я ў вас буду. Ясна? Ну, сказана — зроблена.
«Прыслалі ж мамчыну дачушку на маю галаву,— думала Ліпанава.— Сядзіць, пальчыкі растапырыўшы, і вейкамі лыпае. У якой яна вёсцы нарадзілася такая?»
— Дзе ў вас сталовая?— запыталася Вера.
— Я яшчэ таксама не абедала. Хадзем разам,— прапанавала Ліпанава.
Ішлі спорным крокам. Ліпанава зноў расказвала пра свой гарадок.
— Сумнавата крыху. Мне іншы раз хочацца, каб у нас знайшлі нафту, жалеза ці вугаль. Інакшым стала б жыццё. А то ўсё адно і тое ж: сяўба, уборка, хлебанарыхтоўкі, вывазка ўгнаенняў,— і, заўважыўшы Верын позірк, спяшаючыся, папярэдзіла.— Усур’ёз, канешне, не прымай. Дзе скажуць, там і працаваць будзеш, там і добра.
Ліпанава правяла Веру ў маленькі на тры сталы пакойчык. У кутку сядзела трое мужчын. Адзін з іх шыракалобы, вастраскулы, развёў рукамі, залемантаваў:
— Ах ты, вой-вой, як нядобра атрымалася... Ад камсамола нідзе не схаваешся. Вось жа, таварыш Ліпанава, дальбог, па сто грамаў толькі.
— На стале па сто грамаў, а вунь пад сталом па паўлітра на брата.
— Э-э-э, тое нам не прыпісвай!.. Але, калі злавіла, адмаўляцца не будзем.
Ліпанава прачытала меню і, адклаўшы карту ўбок, сказала:
— Гэта вось заатэхнік, да вас у калгас накіравана.
— Цудоўна, цудоўна... Што ж вы раней не гаварылі?.. — падхапіўся шыракалобы.— Я ўжо гараваў: зіма не за гарамі, а заатэхніка няма. Дык жа давайце пазнаёмімся...