Читать «Паплавы» онлайн - страница 4

Алесь Асіпенка

— Але ж ты мне ў мінулы раз нічога не параіў.

— Я цябе прасіў пасядзець.— Рамір кінуў растушку ў скрынку.— У мяне ёсць правіла: нікому і нічога не раіць.

— Але ж мы...— Вера заікнулася, не ведаючы, што сказаць далей.

— Я даўно хацеў сказаць табе, што чалавек вельмі часта ўскладняе сваё жыццё.

— Ты хочаш, каб я пакінула цябе ў спакоі?

— Ну, вось зноў... Я кахаю цябе. Хіба гэтага мала? Я кахаю цябе таму, што ты не падобная на другіх. А ты ўсяляк хочаш быць такой, як і ўсе. Зразумей, Вера, гэта смерць для мяне.

— Але я паеду.

— Значыць, так лепш, калі ты вырашыла ехаць.

— Калі б я спадзявалася...

— Я разумею. Ты можаш спадзявацца на маё каханне — не больш.

— Гэта так неакрэслена. Я хачу быць упэўненай.

— Ты больш верыш загсаўскай пячатцы, як мне.

— Гэта ўсё словы. Я люблю цябе моцна, але гэтак жа моцна магу і ненавідзець.

— Ты палохаеш? Дарэмна. Чаму ты едзеш?

— Ды ў нас было ўсяго адно месца, мой аднакурснік меў большае права. Потым, уяві маё становішча. Я — Алексіч. Ніхто ж не ведае, што жонка кандыдата навук Алексіча, не яго жонка. Толькі кожны сказаў бы, што мяне рэкамендуюць па яго просьбе. А раптам усё высветлілася б. Гэта надта жахліва.

— Я і кажу, значыць, так лепш.

Калі яны вышлі з майстэрні, вячэрнія прыцемкі ўжо апусціліся на горад. Ля кінатэатра стаяла вялікая чарга — ішла новая карціна. Агні рэклам асвятлялі людзей чырвоным святлом. Чулася бесклапотная гамонка, смех.

— Я буду сумаваць без цябе, Вера.

— Не трэба разлучацца...

— А ты будзеш сумаваць? Чалавеку хораша, калі ён пакутуе. Далібог. Да цябе можна зайсці, Вера?

— Не.

— А можа ты да мяне, нарэшце, зойдзеш? Папярэджваю толькі...

— Не турбуйся. Я не зайду.

Яны прышлі на бераг ракі. У вадзе адбіваліся, драбіліся агні ліхтароў. Там, дзе будаваўся мост, здавалася, гарыць на вадзе цэлае вогнішча. Вера глядзела на раку і думала: «Чаму я люблю гэтага чалавека? Чаму ён мае нада мною такую ўладу?» Хацелася плакаць, прытуліўшыся да яго. А ён стаяў побач зусім чужы.

— Вось глядзі, нават тут каскад колераў... Сама прырода сцвярджае маю правату.

— Зноў гэты каскад!.. Мне холадна.

Ён абняў яе, моцна пацалаваў у вусны.

Вера адчула, што зноў можа дараваць гэтаму чалавеку ўсё.

II

Сакратар райкома камсамола, пышнавалосая, ружовашчокая дзяўчына з цёмна-карымі жывымі вачыма і кароткім носам, паклала тэлефонную трубку, доўга спадылба глядзела на Веру. Затым узяла дакументы, стала чытаць.

Вера глядзела ў акно. За ім цвіла акацыя. Водар ад яе пранікаў у пакой, перабіваў волкі пах пабелкі. На вуліцы за невысокім плотам чацвёра хлапчукоў білі нагамі «мяч» — пустую бляшанку. Пяты — варатар — стаяў воддаль ад іх, махаў рукамі і ўвесь час крычаў:

— Дзімка, Дзім, пас, пас давай! Эх ты! Мазіла, — і хлопаў па каленях рукамі.

Далей за дарогай зелянелі агароды. Жанчыны ў белых хустках палолі грады. За агародамі неяк адразу пачынаўся супрацьлеглы, абрывісты бераг Дзвіны.