Читать «Паплавы» онлайн - страница 8
Алесь Асіпенка
«Гэта ж яна мяне ад гнязда адводзіла,— усміхнулася дзяўчына,— Абхітрыла, лядашчая...»
Вера прысела на ўзмежку, каб адпачыць і сёе-тое падрахаваць. Ад занятку яе адарваў раптоўны глухі стрэл.
Па поплаве дыбаў доўгі чалавек з ружжом. ён нагнуўся, нешта падняў з зямлі. «Перапёлку! Вось злодзей!»— абурылася дзяўчына.
Чалавек ішоў наўпрост да Веры. Птушку ён трымаў за лапкі; крылы ў той бездапаможна звісалі ўніз. Вера чакала яго, злосна зыркаючы сінімі вачыма. Думала: вылаю, абавязкова вылаю.
— Добры дзень, — прывітаўся ён. — Вось не вытрымаў, закон парушыў.
Вера пазірала на незнаёмага з гневам.
— I вам не сорамна...
— Не кажыце. Сам не разумею, як атрымалася.
— У яе, можа, птушаняты засталіся.
— Напэўна! Але выладнеюць.
— Усе паляўнічыя такія...
Чалавек разгладзіў пышныя рыжыя вусы.
— Зноў жа кажу: не спадзяваўся, таварыш заатэхнік.
— Скуль вы ведаеце?
— Гаварылі надоечы пра вас. Ды і па знешнасці ўсё сходзіцца.
Голас у незнаёмага чалавека быў пявучы, мілагучны.
— Што-небудзь дрэннае гаварылі?
— Не, казалі, прыехала заатэхнік. Лёнька Зайчык распісваў вас,— чалавек раптам змяніў тэму размовы.— Падабаецца ў нас?
— Добра.
— Хараство, скажу вам, у нас. Толькі глухамань. Бягуць у горад таму. А з горада сюды шлюць. Перакруцілася ўсё. Не збіраецеся ўцякаць з нашых палестынаў?
— Не. Я ў вёсцы вырасла, люблю яе.
— То не вы, а маладосць ваша гаворыць. Сам такі быў. Заядлы актывіст. Кідалі, бывала, як трэску хвалі. А толк які? Скажам, па маіх здольнасцях — мог бы не горш за Сяльчонка ў крэсле сядзець. А вось ён сакратар райкома, а мне ўсяго пошту даверылі.
— Чаму ж гэтак несправядліва аднесліся да вас?
— Аднесліся... — зарагатаў ён.— Цяпер паперка патрэбна, цэтлік. ёсць ён у кішэні — калі ласка, садзіся ў крэсла, няма — на задворкі. На галаву зараз ніякай увагі. А ў мяне галава ёсць, а цэтліка няма. А ўсё чаму? Бо кідаўся, актыўнічаў, а другія па гарадах сядзелі, кніжкі чыталі. А як начыталіся — нас мятлой, прабачце, па таму месцу, адкуль ногі растуць.
— Можна было і вам вучыцца.
— Э-эх, дарагая дзяўчынка... Жыццё, бачу я, вы па кніжках ведаеце. А нашае пакаленне часу не мела за кніжку ўзяцца. Мы сацыялізм на руінах пачыналі будаваць. Скажам: за дваццаць гадоў я і трох месяцаў на адным месцы не папрацаваў. Прарыў дзе-небудзь — і не хто іншы, а я еду, ліквідую яго. А вы кажаце!.. Са старшынёй калгаса гаварылі? Ну і як? Спадабаўся! Жулік. Малако на ферме бярэ, парасятак таксама.
— Чаму ж калгаснікі маўчаць? — абурылася Вера.
— От жа наіўная дзяўчына! Ды старшыня наш, таварыш Даміра, каго хочаш са свету зжыве. А чаму? Бо ў раёне яму падтрымка. А чаму падтрымка? Бо рука руку мые.
Нейкая насцярожанасць паявілася ў Веры, але хутка прапала.
— Вось вам поплаў. Запушчаны. Ураджайнасць нізкая. А сена не хапае. Парадак гэта ці не? Вось жа і самі бачыце. Хадзіў у раён, даказваў, нават сварыўся. А які толк? Толькі ворагаў нажыў. Яны нічога не робяць, а Дземідзенка вінаваты.
Вера, пачуўшы прозвішча, здрыганулася: такім было яно і ў Верынага бацькі, якога дзяўчына ніколі не бачыла. Але чаму ён можа быць тут?.. Даходзілі чуткі, быццам ён жыве недзе на Палессі, працуе крамнікам у сельпо. Ці мала на свеце людзей з такім прозвішчам!.. На ўсякі выпадак запыталася: