Читать «Паплавы» онлайн - страница 3
Алесь Асіпенка
— Я кажу — ніякага падабенства.— Вера ўздрыгнула ад нечаканых слоў Раміра.— Існуе фатаграфія — яна зафіксуе кожны прышчык. Жывапіс прышчыкамі не цікавіцца. Яму патрэбна душа, стройнасць думак, гармонія фарбаў. Фарбы і лініі — мае мроі. Каскад колераў — мае думкі. Злаві свае думкі і паспрабуй запісаць іх: атрымаецца сумбур. Але ў галаве чалавека думкі заўсёды лагічныя. Вядома, калі чалавек не страціў яшчэ розуму. Паталогія — галіна медыцыны, а не мастацтва.
Вера слухала і глядзела, як малюе Рамір. У яго руках вельмі доўгі пэндзаль, якім ён набірае фарбу і смелымі мазкамі кладзе на палатно.
Раптам пэндзаль апісвае вакол постаці дзяўчыны вогненна-чырвоную стужку: здаецца, языкі полымя ліжуць прыгожае цела. Вера ледзь не ўскрыкнула.
— На сёння хопіць, — Рамір кінуў пэндзаль.
Натуршчыца апранула халат, пайшла за шырмачку. Рамір то адыходзіў у самы кут, то набліжаўся да карціны ўсутык, хмыкаў.
— Я прышла развітацца.
— Паедзеш усё ж?
— Так.
— Смешна...
— Чаму?
— Вось гэты тып павінен прыўзняць сваю агідную морду на багіню кахання. Так-так,— Рамір размаўляў з сабою, і Вера, пакрыўджаная, змоўкла. 3-за шырмачкі вышла натуршчыца. На ёй было крэмавае ў дробныя лісточкі плацце, на высокім абцасе туфлі, у руках сумачка.
— Добры вечар,— прывіталася яна з Верай.
Вера злавіла ў яе позірку нейкую цікаўнасць.
— Гэта я?..— запыталася натуршчыца ў Раміра, паказаўшы рукой на фіялетавую постаць.
— Мара мая. Матэрыяльнае — ёсць неад’емная частка маіх жаданняў; ідэальнае — маіх парываў.
— Летась Генадзь Аляксандравіч — ведаеце яго?— пісаў карціну «На допыце». Я там партызанкай намалявана. Вельмі падобна... А тут ніхто нават не здагадаецца, што гэта я.
— Няхай лепш адчуюць... Заўтра прыходзьце на гадзіну раней.
— Усяго добрага. — Дзяўчына развіталася. Рамір патушыў вялікія сафіты. Гарэла толькі адно бра на сцяне, У пакоі адразу пазмрачнела.
— Дорага, разумееш, каштуе,— растлумачыў ён, парадкуючы рэчы. Вера прадаўжала сядзець у мяккім крэсле з высокімі падлакотнікамі. У яе грудзях закіпала злосць на Раміраву абыякавасць. Хацела стрымаць сябе, але не магла.
— Ты не здагадваешся, што робіш мне балюча?— запыталася Вера.
— Мы вельмі многа думаем над сваімі ўчынкамі.
— А ты хацеў бы над імі не думаць?.. Вось як!
— Пачакай, не рухайся. Вось так. Здорава!.. — Рамір сарваўся з месца, падбег да Веры.— Пасядзі вось так. Не, гэта выдатна!..
Ен павярнуў яе галаву на бок, спяшаючыся, пачаў расшпільваць кофтачку.
— Ты ашалеў?— ухапіла Вера яго за рукі.
— Кінь гэтае мяшчанства. Не з’ем жа я цябе... Вось так, і хопіць. Толькі адно плячо. Не варушыся.
Ён адбегся да планшэта, ухваціў растушку, шырока ўзмахнуў рукой; Вера ведала, што ён зрабіў першы штрых. Яна моўчкі наглядала за ім. Рамір працаваў натхнёна; яго доўгія валасы раз’ехаліся, звіслі наперад, на вочы. Тонкія вусны моцна сціснуты. Калі ён пазіраў на яе, Вера бачыла чорныя бліскучыя вочы, вострую бараду і нейкі худы, скуласты твар. Такім яна любіла Раміра... ён, відаць, забыўся, каго малюе. У Веры прападала злосць.