Читать «Паплавы» онлайн - страница 2
Алесь Асіпенка
Вера павесіла трубку. Дамоў ісці не хацелася. Як і дзе змарнаваць шэсцьдзесят доўгіх мінут? Лёгкім, павольным крокам яна дайшла да садзіка над ракой. Унізе, асветленая вячэрнім сонцам, плыла маторка. 3-пад кармы вінтом вырывалася пеністая вада. Злева ля берага стаяў белы параход. Маленькі чалавечак у паласатай майцы соваўся па палубе, відаць, націраў яе. Крыху ніжэй па рацэ будаваўся мост. Там, як мураўі, варушыліся людзі. Вера прысела на лаўку, абаперлася далонню аб спінку і адразу адчула пад пальцамі дзве выразаныя нажом літары «К» і «В». Двое шчаслівых пакінулі аб сабе памяць. Нешчаслівыя памяці не пакідаюць — ім не да таго. Аднаго разу роздум над гэтымі літарамі і прывёў Веру да той сустрэчы з Рамірам, якая крута павярнула жыццё.
«Што Рамір скажа сёння?»
Вера спрабавала ўявіць гэта, прыцішыла дыханне, быццам хацела пачуць яго словы. Іх не было. Вера яскрава бачыла толькі яго вочы, цёмныя і халодныя.
«Што ён скажа сёння? А што, калі скажа так, як хочацца мне?..»
На гарадской вежы гадзіннік бомкнуў восем разоў. Гадзіна адзіноты прабегла зусім незаўважна, як у сне. Вера пайшла да Раміра. Па добра знаёмай крутой лесвіцы з абабітымі прыступкамі яна ўзабралася на гарышча. Дзверы былі прыадчынены. У вузкую шчыліну з пакоя выбівалася жаўтаватая стужка святла. Было ціха. Толькі недзе ўнізе крычала жанчына:
— Валерка, вось я табе, нягоднік, падражнюся!
Вера адчыніла дзверы, рашуча ўвайшла ў доўгі з пакатай столлю пакой.
— Вера?! Сядай. Зараз, толькі адну дэтальку закончу.
— Я вельмі многа думала, Рамір...
— Май жа цярпенне,— ён паказаў вачыма на натуршчыцу. Вера змоўкла: яна толькі цяпер убачыла, што ў пакоі ёсць трэцяя жывая істота. Яна стаіць тварам да сцяны, на якой павешаны кавалак брудна-аранжавай тканіны. Стаіць нерухома, як статуя. Яе стройная постаць напамінае Веры тую беламармуровую багіню, што выстаўлена ў гарадскім музеі: далікатная шыя, пакатыя, асляпляльныя белыя плечы, тонкая талія, шырокія крутыя бёдры, стройныя ногі з неглыбокімі ямачкамі пад каленямі. На патыліцы ў багіні — цяжкі жмут перавітых кос. 3-пад яго, ля вуха, гулліва выбіваецца непакорны чорны завіток. 3-пад левай рукі, ледзь прыўзнятай, відны пругкія дзявочыя грудзі.
Вялізная лямпа зверху залівае дзяўчыну яркім святлом. Таму цела дзяўчыны выдае фіялетавым. Вера пераводзіць позірк на карціну, якую малюе Рамір. На кавалку палатна распласталіся ніцма чорныя, агідныя постаці. Хто яны? Людзі? Бадай што не, хоць і ёсць у іх нешта людское. Яны ўтварылі чорны круг. У ім — фіялетавая постаць дзяўчыны, кволая і далікатная, як лісток Фідуса.
Чырвоны фон кідаецца ў вочы; здаецца, крывавае полымя вось-вось ахопіць дзяўчыну. «Чаму яна фіялетавая? — думае Вера, зусім вабыўшыся на свае назіранні.— «Фиолетовые тени на эмалевой стене»...— чамусьці прыпамінаецца ёй радок з верша,— А як жа далей? — думае яна.— Зусім не так. «Фиолетовые руки на эмалевой стене; тонкозвучно чертят звуки в сладкозвучной тишине». Не, таксама не тое. Чые ж гэта вершы?..»
Вера зноў пераводзіць позірк на натуршчыцу. Белая з фіялетавым водсветам постаць пачынае расці, запаўняць пакой. «Багіня з музея... Які ў яе твар?..» Натуршчыца ледзь прыкметна пераступае нагамі. Вера бачыць на пятцы вялікі сінявата-ліловы мазоль. «Маленькая зграбная ступня і мазоль... Якая ж яна багіня!..»