Читать «Паплавы» онлайн - страница 174

Алесь Асіпенка

— Вядома, ідзіце, — неяк вырвалася ў Веры.

Машанька здзіўлена паглядзела на Веру, пачырванела, але нічога не сказала.

— I я так думаю. Каму ж, як не спецыялісту, быць старшынёй калгаса!.. Трымайцеся цяпер, у мяне настрой надзвычай ваяўнічы. Праз год-два не толькі дагонім але і абгонім лепшыя калгасы.

Вера зірнула на гадзіннік. Трэба было ісці ў абком. Іван Іванавіч, даведаўшыся, што на бюро будзе Алексіч і Сяльчонак, ускочыў з лаўкі.

— Ты, Машанька, пачакай яшчэ крыху. Вельмі ўжо хочацца пабыць на такім пасяджэнні. Вопыт закружцаў мне вунь як спатрэбіцца.

Машанька нічога на гэта не адказала.

У вестыбюлі ўжо стаалі Алексіч, Даміра, Канькоў, Сяльчонак і яшчэ нейкія незнаёмыя людзі. Вера пазнаёміла закружцаў з Ашманам.

— Дык гэта і ёсць той самы Іван Іванавіч Ашман, які пісаў да нас у акадэмію? — запытаўся Леў Раманавіч.

— Ён самы. I я вельмі рады, што нарэшце пазнаёміўся з вамі. Ведаеце, не мог уседзець там. Саўгас наш — гаспадарка ўзорная. Там ужо і без мяне абыйдуцца. Вось і парашыў я, што трэба ісці ў адсталы калгас. Што ж, можа, спачатку і цяжка будзе, затое потым прыемна і радасна.

Сакратарка спыніла іх размову. Яна запрасіла ўсіх заходзіць у залу пасяджэнняў. Сакратар абкома прывітаўся з кожным за руку, запрасіў садзіцца.

Канькоў зрабіў невялікі даклад, адказаў на пытанні членаў бюро. Затым слова папрасіў Леў Раманавіч.

Да сустрэчы ў абкоме партыі ён добра падрыхтаваўся. Спачатку расказаў пра перспектывы асваення занядбаных зямель і палепшання паплавоў ва ўсім Падзвінскім раёне. Потым вельмі сцісла, мовай лічбау далажыў пра тое, што патрэбна зрабіць, каб кожны кавалачак зямлі прыносіў даход.

Члены бюро больш слухалі ды задавалі пытанні. Час-ад-часу яны нешта запісвалі ў блакноты. Вера, якая першы раз прысутнічала на такім пасяджэнні, была крыху здзіўлена. Ей здавалася, што члены бюро будуць выступаць з доўгімі прамовамі, даваць нейкія незвычайныя парады. А тут атрымлівалася так, быццам яны вучыліся ў закружцаў, як трэба арганізоўваць работу па ўздыму жывёлагадоўлі. Але неўзабаве Вера зразумела, што пытанні, якія задаюць члены бюро, дапамагаюць закружцам глыбей разабрацца ў тым пачыне, які праявілі яны, лепш павесці барацьбу за палепшанне сенакосаў, а значыць і за ўздым жывёлагадоўлі.

Хутка Вера зусім забылася, што яна сядзіць у такой высокай установе, як абком партыі. Пасяджэнне бюро хутчэй нагадвала таварыскую гутарку зацікаўленых у агульнай справе людзей. Кожны выказваў свае думкі, спрачаўся, даказваў, як роўны сярод роўных. Аднаго разу Веры нават здалося, што сакратар абкома партыі — невысокі, сіваваты мужчына — страціў кіраўніцтва пасяджэннем. Але тут жа яна ўпэўнілася, што гэта зусім не так. Сакратар умела і тактоўна вёў бюро. Аддаляючы сваю асобу на другі план, ён умеў адначасна даць магчымасць выказацца людзям і скіраваць іх увагу на вырашэнне галоўнай задачы.

Нарэшце, усе выказаліся. Сакратар устаў, зазірнуў у блакнот, які ляжаў на стале, прайшоўся па вузкім праходзе між сталом і сцяной. Наступіла пачцівая цішыня.