Читать «Паплавы» онлайн - страница 175

Алесь Асіпенка

— Вопыт закружцаў,— не спяшаючыся, пачаў ён, відаць, абдумваючы кожнае слова, — мае вялікае значэнне і не толькі таму, што ў калгасах вобласці будзе створана база для развіцця жывёлагадоўлі. Пачын закружцаў — гэта новы і надзвычай важны крок наперад па пераадоленню тых вялізных спусташэнняў, якія прынесла вайна. Гэта — крок да камунізма, да такой арганізацыі працы, калі кожны кавалак зямлі будзе прыносіць людзям карысць. Гэта крок да стварэння багацця прадуктаў, сыравіны, без якіх немагчымы рух наперад. Есць тут і яшчэ адна акалічнасць. Нядаўна мне давялося быць на тым месцы, дзе да вайны стаяла вёска Чырвоная горка. У часе вайны гэтую вёску разам з усімі яе жыхарамі спалілі карнікі. Яшчэ і цяпер на месцы былых дамоў можна ўбачыць руіны, якія густа зараслі лебядой і крапівой. Гэта сляды вайны. Вось там, на папялішчы, у мяне адбылася сустрэча з дзедам, які расстаўляе баптысцкія сеткі нашым савецкім людзям. Гэты дзед, з выгляду зусім бяскрыўдны, кожны раз, калі вядзе сваю агітацыю, паказвае рукой у бок былой вёскі і чытае пропаведзі аб непатрэбнасці барацьбы за лепшае будучае, ён кажа: «Глядзіце, людзі працавалі, а плён іх працы дастаўся агню і знішчэнню. Дык навошта знясільваць сябе працай, лепш маліцца і прасіць бога, каб ён хутчэй даў месца ў раі». I некаторыя трапляюць на гэты кручок. Трапляюць таму, што перад іх вачыма маячыць прывід руін былой вёскі. I вось закружцы смела ўзяліся за працу, якая знішчыць усялякія сляды былой вайны. I людзі, якія будуць удзельнічаць у гэтай барацьбе, зробяць зямлю прыгожай, куды прыгажэйшай, чым той біблейскі рай. Гэта і ёсць практычная агітацыя за камунізм. Вось чаму, таварышы, я мяркую, што мы падтрымаем пачын закружцаў і распаўсюдзім яго на ўсе калгасы і саўгасы вобласці.

Мне няма чаго дадаваць да выступленняў нашых ініцыятараў. Адна толькі думка, чыста практычнага парадку. Вось тут выступаў былы старшыня калгаса «Маяк» Тарас Тарасавіч Даміра. У свой час мы жорстка крытыкавалі Даміру, і ён нават крыўдаваў на нас. А цяпер ён сказаў: «Я стараўся выконваць усе ўказанні, а гэтага аказалася мала. Калгасы нашы — такая гаспадарка, дзе адным выкананнем інструкцый не здолееш весці справу». I гэта так. Каб кіраваць калгаснымі гаспадаркамі так, як патрабуе наша партыя, трэба многа ведаць, далёка бачыць і не баяцца эксперыментаваць. Таму мы падтрымліваем пачын таварышаў Канькова і Ашмана, якія пайшлі ў адсталыя калгасы, каб дапамагчы там наладзіць гаспадарку. Гэта людзі камуністычнай будучыні. Я думаю, такіх у нас многа, і таму прапаную кінуць кліч: камуністы — спецыялісты сельскай гаспадаркі — на перадавыя рубяжы барацьбы за камунізм! Я спадзяюся і веру ў тое, што камуністы падтрымаюць гэты заклік і пойдуць у калгасы, можа ў пачатку ахвяруючы нават крыху сваім матэрыяльным становішчам.

I апошняе. Галоўнае зараз — арганізацыя. Без гэтага мы не зможам выканаць намечаны план работ. У нашай пастанове прадугледжаны мерапрыемствы па ажыццяўленню тых работ, пра якія нам расказваў Леў Раманавіч Алексіч. Дасканалае іх выкананне забяспечыць поспех справы. Леў Раманавіч прапанаваў тут стварыць брыгаду з вучоных і практыкаў і даручыць ім намеціць такія мерапрыемствы, якія дапамаглі б слабым калгасам стаць багатымі, калгасамі-мільянерамі. Гэта вельмі добрая прапанова, але нам хацелася б, каб такая работа была праведзена не толькі ў адным Падзвінекім раёне. Як вы на гэта гледзяцё, Леў Раманавіч?