Читать «Паплавы» онлайн - страница 173

Алесь Асіпенка

Гэта была Машанька Ашман. Але як яна сюды трапіла, гэтага Вера ніяк не магла ўцяміць. Абняўшыся, яны дайшлі да лаўкі, селі. Машанька доўга глядзела на Веру, нібы хацела ўпэўніцца, ці сапраўды гэта яна. Раптам на яе вачах набеглі слёзы, і Машанька прытулілася да Верынага пляча.

— Што з вамі, Машанька? — спалохалася Вера. — Можа з Іванам Іванавічам што-небудзь дрэннае здарылася?

Машанька ўсхліпвала і яшчэ больш тулілася да Веры. Потым яна выцерла слёзы, усміхнулася.

— Гэта я так, ад бяссільнай злосці плачу. Вось якія мы, жанчыны, пакутніцы. Вы ж і не ведаеце, што здарылася: мой жа кінуў усё і сюды паехаў. А чаго? Верачка, любая, што мне рабіць?

Вера слухала блытаныя словы Машанькі і нічога не разумела.

— Можа непрыемнасці якія на рабоце былі? — запыталася яна.

Машанька махнула рукой.

— Якія там непрыемнасці. Не хацелі адпускаць, дык ён усё роўна паехаў. Напісаў ліст у Маскву, і як толькі прышоў дазвол, дык адразу — на поезд. Дом, сад, агарод — усё кінулі. А што тут яшчэ будзе? Пашлюць у які-небудзь адсталы калгас, дык захацеў бы ўцячы — не зможаш.

— Дзе ж Іван Іванавіч?

— У абкоме. Я з ім ужо дзён дзесяць не размаўляю. Дык ён гэтага і не заўважае нават. А як вы, любачка, жывяцё? Можа памірыліся са сваім Львом Раманавічам?

— Ды мы і не сварыліся...

— Адна ўсё, — паспачувала Машанька. — От жа мы, жанчыны, няшчасныя людзі... Ну, пачакай, любачка, цяпер я сама ўсё ўладжу. Будзе гэты Леў Раманавіч скакаць пад маю музыку...

Вера ўсміхнулася, папрасіла:

— Не трэба, Машанька. Усё ўжо вырашана і назаўсёды.

— Не, любачка, за сваё шчасце трэба змагацца, — запярэчыла Машанька.

Размаўляючы, яны і не заўважылі, як падышоў Іван Іванавіч. Ён доўга ўглядаўся ў Веру, потым схапіў Верыну руку, моцна паціснуў.

— Што ж вы не віншуеце мяне? Вось прыехаў да вас. Захапіўся, як хлапчук, новымі справамі. Не вытрымаў і махнуў сюды. Расказвайце, як у вас з паплавамі.

Машанька рабіла выгляд, што не заўважае мужа. Яна зноў пачала перакладаць у чамадане рэчы. Вера расказвала пра закружскія справы. Іван Іванавіч уважліва слухаў, ківаў галавой.

— А калгас «Полымя» ведаеце? — запытаўся ён у Веры, калі тая кончыла расказваць аб справах у Закружжы.

— Ведаю. Адсталы калгас. Землі там балоцістыя. Адно Жукава балота гектараў дзвесце займае.

— Дык гэта ж добра. Пагледзіцё, праз два гады на месцы балота будзе расці канюшына.

— Чаму вы так упэўнены?

— Мяне туды старшынёй калгаса будуць рэкамендаваць.

Машанька больш не магла стрымліваць сваю знарокавую абыякавасць. Яна ўспляснула рукамі.

— Гэтага толькі і не хапала. Вы чуеце, Верачка, як ён здзекуецца з мяне? Спецыяліст, заатэхнік буйнейшага ў краіне саўгаса ідзе старшынёй у адсталы калгас. I нават са мной не параіўся. Вось якія яны, мужчыны!

Веры хацелася супакоіць Машаньку, але яна разумела, што словы не падзейнічаюць на жанчыну. Машанька доўга яшчэ скардзілася, вымаўляла мужу, прыпамінаючы розныя «грахі». Іван Іванавіч маўчаў ды час-ад-часу падміргваў Веры.

— Дык як, Вера, раіце вы мне ісці ў гэты калгас ці не? — запытаўся Іван Іванавіч, як толькі яго жонка змоўкла.