Читать «Паплавы» онлайн - страница 176

Алесь Асіпенка

Леў Раманавіч крыху падумаў:

— Цяжкавата будзе...

— Але магчыма?

— Так. Сёння я наведаўся ў інстытут. Вучоныя падтрымаюць такое рашэнне.

— Тады пытанне лічым вычарпаным. Цяпер за працу, сябры.

На вуліцы ярка свяціла сонца. Было цёпла, хоць у паветры ўжо адчуваўся подых ранняй восені. Летняя сінь неба крыху паблекла. Дзе-нідзе раскідаліся па ёй воблачкі, але не такія, як раней — лёгкія і белыя.

Вера ішла па горадзе, прыглядалася да яго мітуслівага жыцця. Відаць, толькі што закончыліся заняткі, і на тратуарах было многа вучняў — маленькіх, смешных карапузаў. Яны ішлі купкамі, махалі партфелямі і аб нечым горача спрачаліся. Час-ад-часу яны спыняліся, загароджваючы дарогу. Людзі абміналі дзяцей, пазіраючы на іх са шчаслівай усмешкай.

«Вось для іх,— думала Вера,— мы і ладзім новае жыццё. Няхай яны ніколі не ведаюць, што такое вайна, спусташэнні і глыбокія раны ў чалавечым сэрцы».

— Каго я бачу!— раптам пачула Вера за сваімі плячыма знаёмы да болю голас.— Добры дзень, Вера!..

Вера прыбавіла кроку. Тады чужая рука лягла на Верына плячо.

— Злуешся?

Вера спынілася і ўжо спакойна паглядзела на Раміра.

— Калі і злуюся, дык толькі на сябе,— адказала яна.

— Пакінь. Я добра ведаю жаночыя сэрцы. Але павер мне, што злосць не лепшы дарадчык.

— Гэта праўда,— згадзілася Вера.

— Ну вось, бачыш! А я сумаваў тут без цябе.

— А вось гэта — хлусня,— адрэзала Вера.

— Не, не, — запярэчыў Рамір,— сапраўды сумаваў. Я прывык, каб мяне хто слухаў.

— Выходзіць, апрача мяне, цябе ўжо і слухаць ніхто не хоча?

Рамір збянтэжыўся і, як заўсёды, каб не падаць выгляду, зарагатаў.

— Адзін — ноль у карысць Веры Алексіч,— выгукнуў ён.— Вось за гэта я і паважаю цябе... Слухай, ёсць ідэя. Пойдзем са мной на выстаўку. Паглядзіш тую карціну, якую я маляваў тады.

Спачатку Вера хацела адмовіцца, але, падумаўшы, згадзілася. Ёй цікава было паглядзець, што ж атрымалася ў Раміра. Ці будзе яе хваляваць цяпер тая беламармуровая багіня, якую паглынаюць языкі полымя.

Яны пайшлі. Рамір усю дарогу скардзіўся, што яго не хочуць зразумець, хоць ён стварае сапраўды мастацкія палотны. Вера доўга маўчала, слухаючы надакучлівае бурчанне Раміра. Нарэшце, яна не вытрымала, сказала:

— А можа не людзі вінаваты, а ты сам? Калі тысяча кажа, што сонца яркае, а адзін даказвае, што яно цёмнае, дык, мусіць, праўда на баку тысячы...

Рамір натапырыўся, злосна засоп.

— I гэта кажаш ты? А ці не дазволіш ты мне ўсё бачыць такім, якім я хачу.

— Не, не дазволю, — усміхнулася Вера і дадала: — Людзі не дазволяць. Лячыць пачнуць і вылечаць, чэснае слова, вылечаць.

Далей абое маўчалі. Рамір адмерваў цыбатыя крокі. У сваёй моднай кашулі з разрэзамі па баках і ў зялёных штанах з вузкімі калашынамі ён выглядаў нязграбным і смешным. Час-ад-часу ён адкідваў з ілба доўгія валасы, а вецер зноў трапаў іх, і яны папоўскімі космамі налазілі на вочы. «I яго я кахала, — думала Вера, крадком пазіраючы на Раміра, спрабуючы знайсці ў ім тое, што падабалася калісьці ёй. — Якія ў яго тонкія, дрыготкія вусны. I нос тонкі. А падбародак востры, як клін, якім шчапаюць дубовыя калоды».