Читать «Паплавы» онлайн - страница 172

Алесь Асіпенка

— Пачакайце, Тарас Тарасавіч, — кінулася на дапамогу Вера. Ёй хацелася ўзяць на рукі Волечку, але яна адчула, што не здолее падняць яе.

— Вазьміце ўжо Колю, — Даміра перадаў Веры хлопчыка.

Той цяпер абхапіў яе шыю рукамі, мяккімі і гарачымі. Яго русявая галоўка прытулілася да пляча. Цеплыня ад яго дыхання разлівалася па целе, сагравала Веру, напаўняла грудзі нейкім незразумелым, невыразным пачуццём любві. Яна прыціснула Колю да сябе, ён пацёрся цёплай шчакой аб яе шыю. Тады Вера прыгнула галаву, пацалавала хлопчыка у пульхную, ружаватую шчочку.

Даміра ішоў наперадзе, цяжка ступаючы запыленымі кірзавымі ботамі. Часам ён схіляўся да Волечкі і нешта мармытаў. Веру кранала гэтае пяшчотнае мармытанне. I ўжо каторы раз яна думала, што так бязглузда памылялася ў людзях, меркавала аб іх па першаму ўражанню і потым ні за што не хацела мяняць сваёй думкі. Зноў перад ёю паўставаў той вечар, калі Рамір намаляваў яе партрэт з адным вокам на твары. Няўжо яна і сапраўды глядзела на ўсё адным вокам?

Даміра паклаў Волечку на ложак.

— Дайце мне яго, — працягнуў ён рукі.

Вера перадала яму хлопчыка, сачыла за тым, як клапатліва захутваў Даміра яго ў лёгкую посцілку, потым паправіў падушку і адышоўся. А яна не магла адарваць позірку ад двух маленькіх істот, што мірна спалі на ложку, ды адчувала на плячы і шыі кволае цяпло дзіцячага цела.

Не разумеючы чаму, яна раптам выбегла з хаты, нават не развітаўшыся з гаспадаром. Штосьці ўладна трывожыла сэрца, і яно то балюча сціскалася, то пачынала соладка заходзіцца.

XI

Да пасяджэння бюро абкома партыі, на якое запрасілі закружцаў, каб разам з імі абмеркаваць мерапрыемствы калгаса па паляпшэнню паплавоў і пашаў, заставалася больш гадзіны. Канькоў і Даміра, як толькі прыехалі ў горад, адразу пайшлі ў банк, каб аформіць крэдыты. Леў Раманавіч захацеў наведаць інстытут, сустрэцца з калегамі і, пры зручным выпадку, дамагчыся шэфства вучоных над Падзвінскім раёнам. Ён клікаў з сабою Веру, але яна адмовілася.

Вера засталася адна. Пахадзіла па вуліцах горада ды і зноў вярнулася да будынка абкома. Побач з ім быў невялікі садок, які падступаў да самай кручы. Восень паклала ўжо залатую пячатку на дрэвы. Наваг ад лёгкіх павеваў ветру ападала долу чырвона-жоўтае лісце. У садку было пуста. Толькі на адной скамейцы сядзеў тоўсты лысы чалавек, чытаў газету. Вера ўспомніла, што крыху далей, ля самай сцяны дома, у засені куста бэзу ёсць вельмі ўтульнае месца. Добра, каб толькі тая лаўка не была занятая.

Вера ішла памалу, любуючыся прыгожым убраннем дрэў. На вуліцы грукацелі машыны, а тут было ціха. Толькі шуршэла пад нагамі апалае лісце. Вера і не заўважыла, як дайшла да той скамейкі, на якой спадзявалася пасядзець. Лаўка была занята. Нейкая жанчына корпалася ў чамадане. Побач стаялі яшчэ два чамаданы і ляжаў вялізны клунак, перапяразаны папругамі.

Вера хацела ўжо прайсці міма. Тут жанчына адарвалася ад свайго занятку, узняла галаву і раптам кінулася насустрач Веры.

— Верачка, любая, ці ты гэта?!. Вось жа шчасце!.. — Яна абняла Веру і моцна пацалавала.