Читать «Паплавы» онлайн - страница 15
Алесь Асіпенка
— Я буду старацца.
— Добра, веру. Ну, а захочаш у школу, потым пашлем. Прыдзі толькі — скажы.
Так Тамара Ліпанава стала ў вялізную шарэнгу неспакойных людзей. Вірлівая маладосць і чыстае сумленне не давалі ёй заседжвацца на адным месцы. Адчуванне сваёй слабінкі, — Тамара разумела, што камсамольскую работу яна ведае яшчэ куды горш за тэхнічнага сакратара Валю Старыковіч,— выратавала яе ад зазнайства. А прывітая інстытутам патрэбнасць аддаваць веды прымушала выступаць, падказваць, вучыць. У сцюжу і спёку, у імжысты восеньскі дождж і студзеньскую завіруху прабіралася Тамара ў далёкія лясныя вёскі, рабіла даклады. Чытала лекцыі, спрачалася, даказвала, слухала прыпраўленыя салёнымі слязамі крыўды дзяўчат на няверных хлопцаў, гуляла на вяселлях і вельмі часта раней за родную маці паспявала прысці на радзіны. Не ўсё абыходзілася гладка. Часам здаралася так, што самі апускаліся рукі. Добра, што распачлівыя думкі найчасцей за ўсё прыходзілі ноччу і сон адганяў іх. Раніцай набягалі клопаты, дзесяткі недаробленых і сотні новых спраў. Ім не было канца, гэтым вялікім і маленькім справам. Не хапала дня і ночы, нават года, каб справіцца з імі. I якраз у самы разгар камсамольскага прыпару, калі прываліла асабліва многа цікавых спраў, непрыкметна падкраліся справаздачы і выбары ў камсамоле. Аднаго разу на вузкім калідоры райкома яе затрымаў Сяльчонак.
— Ледзь не забыў, — стукнуў ён далонямі па кішэнях форменнага фрэнча. — Гэта ж ты летась, памятаю, прасілася ў школу. У Клюкаўцы месца ёсць. Толькі хутчэй, спяшайся.
Ліпанава разгублена пазірала на сакратара. Яна ўжо зусім забылася пра колішнюю просьбу. Было сорамна і крыўдна, чырвань залівала шчокі. Днямі меўся адбыцца раённы агляд самадзейнасці. За год яна стварыла чатыры хоры і шэсць гурткоў. Як жа яны выступяць без яе? У Бачэйкаве яшчэ няма касцюмаў, і яна ўзялася дастаць іх. Войтаўцы прасілі акампаніятара. Ды і з прэміямі яшчэ невядома як будзе. Іх трэба вырваць у старшыні выканкома. Хоць было вельмі сорамна, папрасіла:
— Пасля агляду, Сяргей Паўлавіч.
Сяльчонак усміхаўся, але Ліпанава гэтага не бачыла. Яна глядзела ў падлогу.
— А злёт маладых ільнаводаў мы ўжо без цябе правядзём...— Ліпанава адчула ў словах сакратара жартаўлівыя ноткі, узняла галаву, спадзеючыся сустрэцца з прывычнай усмешкай Сяльчонка, але ўбачыла строгую навісь брывей, прыплёснутыя вейкі, за якімі і хаваўся смяшлівы аганёк. Яна сумелася не на жарт. Злёт жа быў яе ідэяй. На мінулым пленуме яе нават зацвердзілі дакладчыкам. Яна пабывала ва ўсіх звеннях, ведала работу кожнага з іх. У яе накапілася многа цікавых думак, як лепш арганізаваць работу ў наступным годзе. Нарэшце, яна хацела ўручыць прэміі сама. З’ездзіла нават у абласны горад, набыла радыёпрыёмнік, ручную швейную машыну і стрэльбу. Быў у раёне славуты звеннявы-ільнавод Коля Краўчук — яму і купляла Тамара стрэльбу. А калі выберуць новага сакратара? Каму ён уручыць гэтую стрэльбу? Яшчэ раз апусціўшы вочы долу, яна сказала зусім ціха: