Читать «Паплавы» онлайн - страница 16
Алесь Асіпенка
— Пасля злёту, Сяргей Паўлавіч, раней ніяк нельга.
Сяльчонак больш не мог стрымаць усмешку. Ён абхваціў Тамару за плечы, весела выгукнуў:
— Прапашчыя мы з табой людзі, Тамара!..— ён скупа ўсміхнуўся.— Значыць, ніяк нельга вырвацца? То адно, то другое. Гэта вельмі добра. Відаць, за душу ўзяла цябе камсамольская работа. Камсамольцы цябе і не думаюць адпускаць, а мы — тым болей. Так і быць табе, таварыш Ліпанава, да сівых валасоў партыйным работнікам.
Тамара і сама ўжо лічыла, што на ўсім свеце цікавейшай работы за камсамольскую — няма.
Час бег незаўважна. Не паспееш азірнуцца — праляцеў год, другі, трэці... У абкоме пагаварвалі ўжо аб замене, Ліпанава і сама ведала, што хутка прыдзецца здаць справы другому, але не магла: наперадзе намячаліся цікавыя справы.
Наступалі новыя часы. Подых свежага і велічнага далятаў і сюды, на далёкае Падзвінне. Пакуль яшчэ спакваля пачыналася перабудова сельскай гаспадаркі. Але ўжо ў першых кроках адчуваўся рашучы паварот да калгасных спраў. Чытаючы пастанову ЦК аб пасылцы моладзі на жывёлагадоўчыя фермы, Тамара зразумела, што цяпер будзе асаблівая ўвага звернута на грамадскую жывёлагадоўлю.
Ліпанава ведала: прамая дарога не заўсёды бывае карацейшай. Можна, вядома, паслаць камсамольцаў на фермы. Хто з тых, каго за апошнія чатыры гады прымалі ў камсамол, не адгукнецца на камсамольскі заклік! У гэтым Тамара была ўпэўнена цвёрда. Але гэтага мала. Трэба, каб моладзь як мага хутчэй дамагалася поспехаў. I тут усё залежыць не толькі ад камсамольцаў. Ускалыхнуць масы, накіраваць іх сілы — вось што патрэбна цяпер.
У такіх выпадках яна любіла параіцца з людзьмі. Наведаўшы некалькі калгасаў, дзе яна гутарыла з моладдзю, Ліпанава паявілася ў «Маякў».
— Ну, як жывеце-можаце?— запыталася яна пасля таго, як прывіталася з Евай і Верай.
— Дзякуем,— адказала Вера.
Ева ніяк не магла патушыць усмешку. Яна шчыра радавалася, што атрымала пісьмо ад Макара Башукевіча.
— Пакрысе жывем.
— Добра пакрысе, калі твар так і ззяе. Ці не ад Башукевіча пісьмо атрымала?
— Канешне. Ой, Тамара Аляксандраўна, ён жа прыязджае хутка.
— Можа камсамольскую зробім? — Тамара прызвычаеным рухам адкінула надакучлівую пасмачку за левае вуха.
— Другіх замуж аддаеце, а калі ўжо самі пойдзеце?
— Ды ўсё з-за вас. Вельмі хутка расцеце.
Вера ўпершыню дазналася, што Ліпанава яшчэ не замужняя, і з нейкай непрыязнасцю падумала: «Не маладая ўжо».
Ліпанава тым часам задумліва глядзела на двор. Там, нахохленая, дыбала квактуха з цэлым вывадкам пушыстых куранят. Знайшоўшы сякі-такі спажытак у смецці, яна клікала іх да сябе, і тыя беглі, смешна перабіраючы ножкамі. Нешта невыразна журботнае навяваў гэты малюнак. У грудзях расла туга па нечым недасягальна далёкім і вельмі дарагім. I раптам зусім практычная думка вылузнулася з закуткаў памяці:
— Колькі куранят ваша арганізацыя здала на калгасную ферму?
— Даміра не хоча прымаць.
— А выгадавана колькі?
— Каля паўтысячы.
— Прыме. Я з ім пагутару. Склікай, калі ласка, камітэт. Справа ёсць.