Читать «Паплавы» онлайн - страница 13
Алесь Асіпенка
— Вера Антонаўна, — у Даміры раптам ахрып голас, а жоўтыя вочы сарамліва глядзелі міма яе галавы, некуды ў кут. — Не падумайце, што я махляр які, п’яніца-прапойца. Чэснае слова партызана — аддам, але цяпер дазарэзу трэба пяцьсот рублёў.
У Веры адлегла на сэрцы, але, пачуўшы пра грошы, яна разгубілася і, увесь час паўтараючы: «Я зараз, зараз», заставалася ў пасцелі.
— Ды вы не турбуйцеся. Скажыце, дзе?
— На шафе сумачка.
Даміра дастаў сумачку, не раскрываючы, падаў Веры.
— Другі ў касу залез бы. А я не магу. Думаеце, сабе бяру? Сёння абяцала камісія прыехаць. Добрыя хлопцы — пачаставаць трэба будзе. А тут, як на тое ліха, — ні граша ў кішэні.
Дрыжачымі пальцамі Вера дастала пачак грошай. Ледзь адлічыла пяцьсот рублёў.
— Вось вам.
— Дзякую, — Даміра схапіў Верыну руку з грашыма, доўга-доўга трос яе. Кінуўшы трэсці, паклаў грошы ў кішэню. Раптам на Веру дыхнула вострым пахам гарэлкі. Тады яна ўспомніла, як смяялася Ева, і ёй зрабілася прыкра. Сказала рэзка і строга:
— Дайце апрануцца, расселіся тут...
Даміра збянтэжана заміргаў бялявымі вейкамі, вышаў. Вера ўскочыла, накінула на сябе плацце, на скорую руку прычасала валасы, касу заплятаць не стала. Калі яна вышла ў другі пакой, дык убачыла, што Даміра чакае яе. Веру ахапіла злосць. Грукнуўшы кранікам бляшанага мыцельніка, яна запыталася:
— Чаго вы стаіцё?
— Вера Антонаўна, яшчэ адна просьба.
— Што яшчэ?
— Нікому не кажыце, што я ў вас грошы пазычаў.
— Не скажу.
— Я ў вас ледзь не ўсе забраў. Калі спатрэбяцца, прыходзьце, аванс дамо.
— Думаю, што вы грошы хутка аддасцё.
Даміра зноў ухапіў яе ўжо мокрую руку, моцна паціснуў.
У Веры было агідна на душы. Грошай яна не шкадавала, ліха з імі,— шкада, што так лоўка правялі яе. Нагаварыў кучу страхаў, выклікаў жаласць і абабраў. Вера дастала з сумачкі рэшту: засталося семдзесят шэсць рублёў. Трэба абавязкова з’ездзіць у горад, прадаць што-небудзь: інакш не пражыць.
Дзверы сенцаў моцна грукнулі — на парозе стаяла высокая дзяўчына з сумкай — паштальён Ніна Шумейка.
— Вам пісьмо, — буркнула яна. Веры здалося, што Ніна на яе злуецца, адводзіць карыя вочы ўбок. — Распішыцеся.
То быў вялізны пакет, месцах у пяці заштэмпеляваны, з мноствам рознакаляровых марак. Вера распісалася. Ніна сунула кніжку ў кішэню, няласкава зірнула на Веру і, не развітаўшыся, вышла.
«Чаго яна?» — падумала Вера і адарвала край канверта. У ім ляжаў той малюнак, што накідаў тым развітальным вечарам Рамір. Відаць, перад тым, як паслаць яго, Рамір зрабіў некалькі рэзкіх штрыхоў — спрабаваў закончыць яе партрэт. Але партрэта не атрымалася. На кавалку ватмана некалькі чорных густых штрыхоў даволі характэрна перадавалі яе акруглы авал твару з маленькім вухам, гладка зачэсаныя валасы з завіточкамі ля віскоў.