Читать «Паплавы» онлайн - страница 14

Алесь Асіпенка

Вера зазірнула ў канверт, але там больш нічога не было. Чаму Рамір нічога не напісаў? Засоўваючы малюнак у канверт, Вера ўгледзела на ім некалькі слоў, напісаных не па-наску: «Аrs longa, vita brevis est».

Чужыя незразумелыя словы кальнулі вельмі балюча. Потым ёй прышло ў галаву, што Рамір знарок напісаў па-латыні, спецыяльна для яе. Ён жа ведаў, што яна вучыла латынь. А яна, апрача слова «vitа», нічога не магла разабраць.

Увайшла Ева, радасная, усхваляваная. Угледзеўшы ў руках Веры малюнак, падбегла, успляснула рукамі.

— Вы! Як добра! Хто гэта маляваў?

— Адзін мой добры прыяцель.

— Ой, як добра!.. Толькі чаму вы з адным вокам тут?

Вера паспешліва схавала партрэт.

— Не паспеў дамаляваць, а па памяці, відаць, не схацеў канчаць.

— Ён прыгожы?

— Не ведаю. Мабыць так.

— Прыгожы. Вы таксама прыгожыя вельмі.

Вера чамусьці засаромелася, пачырванела.

— I я пісьмо атрымала. Вось глядзіце, як піша,— Ева падала невялікі лісток, спісаны буйным, размашыстым почыркам.

Чужы ліст чытаць было не вельмі прыемна, і Вера толькі прабегла яго вачьша. Уразіла яе адна фраза. «Дайшлі чуткі, што ты там падкручваеш, дык глядзі, Еўка, што разыдземся ў розныя бакі».

— Ён што, муж твой? — здзівілася Вера.

— Хто, Макар? Не, гэта Матроны Башукевіч сын, — і таксама пачырванела. — А вам што напісалі? Мусіць, гарадскія вельмі складна пішуць.

— А мне нічога не напісалі, — усміхнулася Вера, і каб Ева не падумала, што яна не хоча паказаць ёй ліст, падала канверт. — Ён выдумшчык вялікі. Вось толькі і ўсяго, што напісаў.

Ева, расчараваная, чмыхнула носам. А Вера падумала, што Рамір яе вельмі любіць і што яна яго таксама.

У пакой зайшла Ліпанава, сказала:

— Вось яны дзе, абедзве адразу.

V

Камсамольскім работнікам Тамара Ліпанава стала выпадкова: забалаціравалі на канферэнцыі адразу двух сакратароў. Бралася дзяўчына за руль з боязню, неахвотна, нават не ўтрымала слязу, калі адразу ж пасля пленума паклікаў яе да сябе сакратар райкома Сяльчонак.

— Э-э-э, зусім раскісла дзяўчына. Ты чаго? — запытаўся ён, сядаючы побач.

— Боязна і школы шкада.

— А ты не бойся. Не багі гаршкі лепяць. Ды і я тут побач — дапамагу. Хіба не спадзяешся?

Тамара ўсміхнулася.

— Чаму...

— Тады добра. А школы, кажаш, шкада?

Ліпанава кіўнула галавой.

— Прычына важкая, а толькі цяпер я яшчэ больш упэўнены, што выбар мы зрабілі правільны. Колькі ў цябе вучняў было?

— У тым класе, што я кіравала, трыццаць чатыры, а наогул многа.

— Трыста?

— Не, меней.

— А тут у цябе каля тысячы душ адных камсамольцаў. I ўсе яны ад цябе чакаюць і парады, і слова разумнага. Сілы ў цябе свежыя, маладыя — не шкадуй іх. Яны, як той чырвонец неразменны — плаціш, а ён усё цэлы. Вас у інстытуце вучылі ў людскіх душах разбірацца?

— Псіхалогію вывучалі.

— Па кніжцы, вядома?

— Так...

— А тут яе без кніг давядзецца вывучаць...

Тамара памаўчала, потым дадала:

— А вы мяне ў наступным годзе ў школу адпусціце?

Сяльчонак, закінуўшы галаву, так што каўнер моцна ўрэзаўся яму ў шыю, зарагатаў:

— Зразумелі мы з табой адзін другога... — і раптам абарваўшы смех, нахмурыў кароткія рыжаватыя бровы. — Толькі вось што, таварыш Ліпанава, запомні адно: ты член партыі, сёння цябе паставілі працаваць туды, дзе сталь гартуецца, і мы не можам дазволіць табе сваім нежаданнем псаваць гэтую сталь.