Читать «Паплавы» онлайн - страница 17
Алесь Асіпенка
«Якая я, аднак,— падумала чамусьці цяпер Ліпанава.— Няўжо і праўда буду ўсё жыццё на чужых вяселлях гуляць?»
Зноў зрабілася тужліва.
Вера хацела ісці, але Ліпанава затрымала яе.
— Ці добра ўладзіліся? — запыталася яна.
— Нішто.
Думаючы пра тыя вялікія і малыя справы, што яна павінна вырашыць у калгасе, Ліпанава механічна задавала пытанне за пытаннем.
— Колькі ў вас даярак?
— Не ведаю. На туташняй ферме, здаецца, адзінаццаць.
— А якія сярэднесутачныя надоі?
— Не цікавілася.
— Даярак на работу падвозяць?
— Мусіць, не.
— Малако на месцы пераганяюць?
Гэты допыт пачынаў злаваць Веру. Чаго яна прывязалася да яе? Хіба можа чалавек за няпоўны тыдзень ведаць столькі дробязей? Сыпле, як пракурор на судзе. Хоча даказаць, што яна ўсё ведае. Тая непрыязнасць, што паявілася яшчэ пры першай сустрэчы, раптам пачала набываць акрэсленыя формы. «Чыноўны прыдзіра»,— ледзь не ўслых сказала яна... На апошняе пытанне Ліпанавай Вера так і не адказала.
Ліпанава прайшла па пакоі, спынілася перад люстэркам, прыгладзіла рукой непаслухмяныя валасы. Потым асцярожна падмалявала вусны. Вера падумала: «Для камсамольскага работніка гэта, мабыць, занадта».
Ліпанава раптам здзівіла Веру новым пытаннем.
— Вы — любілі?
Спачатку Вера хацела адказаць груба: гэта, маўляў, да справы не адносіцца, але Ліпанава глядзела на яе зусім шчыра. Адказала, нібы гэта пытанне датычылася работы:
— Даводзілася.
— Чалавек, калі кахае, робіцца прыгажэйшым і дабрэйшым. Праўда?
Яна паспрабавала ўсміхнуцца нейкай няўлоўнай усмешкай. Вера ўбачыла яе зубы — белыя, велікаватыя, з адной залатой каронкай справа. Каронка выклікала ў Веры новую хвалю непрыязні. Захацелася чым-небудзь папікнуць сакратара.
— У вашы гады гэта трэба і самой ведаць. Думаю, вам ужо каля трыццаці.
— Угадалі, — Вера думала, яна раззлуецца, але Ліпанава адказала проста і шчыра.
«Беспачуццёвая»,— падумала Вера.
Увайшла Ева.
— Пойдзем у клуб, Тамара Аляксандраўна. Ці, можа, чаго перакусіце?
— Пасля. Нядаўна снедала. Вы, таварыш Алексіч, таксама з намі пойдзеце.
Па дарозе Ева забегла за Лёнькам Зайчыкам. Ён падышоў, няўклюдна махаючы рукамі, прывітаўся. Лёнька быў руды, вяснушчаты, з тонкім доўгім носам. Паўнаватыя губы яго па-дзіцячаму адтапырваліся, і, мабыць, ад таго было ў Лёнькавым твары нешта прастадушнае. 3 першых слоў Вера зразумела, што Ліпанава добра ведае Лёньку, на якога яна, Вера, і не звярнула ўвагі, калі заходзіла ў канцылярыю. Сядзеў Лёнька ля акна за вялізным сталом. На стале, як заўсёды, ляжалі стусы папер, лічыльнікі, стаяла вялізная бляшанка з клеем і гаршчочак з пальмай. Каб не гэтая пальма, дык бадай што Вера і не прыкмеціла б Лёньку сярод канторскіх работнікаў. А так, угледзеўшы пальму, яна заўважыла і яго. Праўда, спачатку ёй кінуліся ў вочы толькі вогненна-рыжыя валасы і тонкі доўгі нос, а потым ужо і сам гаспадар, вельмі худы і невысокі, каб яго можна было заўважыць адразу.
— Добры дзень, Лёня, — прывіталася з ім Ліпанава. — Можа новую музыку склаў?
Лёнька ўспыхнуў, вяснушкі ярчэй выступілі на твары.