Читать «Паплавы» онлайн - страница 12

Алесь Асіпенка

— Гэты шрам ад таго часу? — запыталася Вера, пазіраючы на лілаваты рубец, што пачынаўся над левым брывом і хаваўся за вухам у пасівелых дачасна валасах.

— Не, то раней было. Гэта мяне ў сорак першым расстрэльвалі. Данёс нейкі злодзей, што я пакінуты тут за партызана. Ноччу абкружылі хату, без суда, без асаблівага допыту — у Духаўскі роў.

Вера прыўзнялася на локці, прытрымліваючы рукой каўнерык сарочкі, запыталася:

— Як жа вы ўцалелі?

— Планета, мабыць, такая. Цюкнула куля аб чэрап, ды не насмерць. А мяне за мёртвага палічылі, ну, і скінулі ў траншэю. Ноччу ачухаўся я, выпаўз з ямы, неяк яшчэ да роднага ганка дабраўся.

— Страшна было?

Даміра памаўчаў.

— Смерці я ніколі не баяўся, а тады струхнуў. Стаю над траншэяй, а слёзы па шчоках цурком цякуць. I не сорамна мне ні на вось столькі. Толькі чую, нехта мяне за руку ўзяў. Павярнуў я галаву, а побач дзядок старэнькі стаіць. Шыпіць, як гусак: «Ты, — кажа, — кінь перад звяругамі слёзы ліць. Усё роўна літасці не дачакаешся».

— Дык вас не аднаго расстрэльвалі?

— Не, чалавек сто пяцьдзесят. На трох машынах прывезлі. Больш яўрэйскага насельніцтва. Дзеці, жанчыны. Нас чалавек дзесяць, мужчын, было, ды і тыя збітыя дашчэнту. Жанчыны і дзеці вельмі крычалі. Страшна, калі на тваіх вачах людзей забіваюць. Адлучаць чалавек дзесяць і страляюць ва ўпор. Самі п’яныя, рагочуць. А тут дзяўчынка адна ўчапілася за мяне, крычыць, перапалоханая: «Дзядзечка, схавай мяне, я баюся». А куды я яе схаваю? Тут, помню, падышоў салдат іхні. Бярэ дзяўчынку за каўнер і цягне. А на ёй сукеначка ў крапінку, як цяпер помню, новенькая. Дзяўчынка трымаецца за мяне і ўся калоціцца. Салдат раззлаваўся, як ірване... Так уся сукенка да нізу разарвалася. Ухваціў яе немец у ахапку і панёс. Вось тады я ірвануўся раптам, думаў, задушу гада... Але.. Помню толькі, як бліснуў агонь у ваччу. Пазней ужо, калі ачуняў, гэты малюнак з паўгода спакою мне не даваў. Яшчэ і цяпер часта яго ў сне бачу.

Даміра выцягнуў папяросу, разы са тры прагна зацягнуўся. Вера маўчала. На сцяне па-соннаму чэкалі ходзікі.

— Вось хто такі партызан Даміра, — абарваў старшыня напружаную цішыню. — Восем нямецкіх куль спрабавалі яго, дзве міны не здолелі забіць. А цяпер, мусіць, даканаюць мяне Пацей з Пацехіным.

Вера здзіўлена пазірала на Даміру — пераход у размове быў вельмі нечаканы.

— Першы — наш паштавік Дземідзенка. Другі — пракурор. Ну, і яшчэ некаторыя ім памагаюць. Дзякуй, хоць Сяльчонак яшчэ трохі падтрымлівае.

Вера ўспомніла пазаўчарашнюю размову з Дземідзенкам. «Рука руку мые», — сказаў ён тады. Падумала: «Старшыня не такі. Колькі ён, бедны, перажыў...» Хацелася зрабіць або хоць бы сказаць яму нешта харошае. Ды слоў не ставала, і Вера прадаўжала замілавана глядзець на яго. Потым, зусім недарэчы, сказала:

— Справаздачу я закончыла складаць

Даміра махнуў рукой. Нейкія свае думкі не давалі яму спакою. Вера пачынала адчуваць сябе нязручна: хоць бы ўстаць, але да плацця не магла дацягнуцца рукой. Прайшло шмат часу, пакуль Даміра зноў прыўзняў галаву. Устаў з крэсла, недарэчна пахістваючыся. Але пайшоў ён не да дзвярэй, а да Веры. Яе раптам апанаваў страх: пад коўдрай падабралася цела, тысячы мурашак забегалі па спіне.