Читать «Паплавы» онлайн - страница 11
Алесь Асіпенка
— Добра, скажу. Абавязкова забяром. Каб Ева мне раней сказала...
— Авой-авой, знайшлі ад каго чакаць!.. Яна ж у мяне нічым не цікавіцца. 3 раніцы да позняй ночы ў клубе.
— Яна ж загадчык.
— А і што? Магла б і матцы памагчы. Прабачце, а ў вас ёсць радня? Бацька ці маці?
— Няма.
— Сірата. Відаць, у дзіцячым доме гадаваліся?
— У цёткі, на вёсцы.
Аксіння Адамаўна неяк падазрона паглядзела на Веру.
— Ну, пайду ўжо, загаварылася я з вамі. Кашара ў нас далекавата.
Вера падумала, што на кашары пабываць ёй трэба было ў першы дзень, ды вось не выпадала неяк.
— Закончу складаць справаздачу, абавязкова да вас зайду, — Вера не стрымалася, пазяхнула: няўмольна цягнула да сябе мяккая пасцель.
— Адну складзеце, другую запатрабуюць...
Падаткнуўшы падол доўгай спадніцы, Аксіння Адамаўна вышла з хаты. Вера пастаяла крыху, не адважваючыся легчы спаць. Потым сказала сама сабе: «на гадзінку, не болей» — і лягла.
Пасцель была халодная, але ўтульная, і Вера, як толькі лягла, дык нібы правалілася ў бездань. Шэры морак ахутаў яе, закалыхаў і панёс на сваіх мяккіх крылах. 3 яго вынік любімы твар Раміра, белы з тонкім носам і капрызна сціснутымі вуснамі. 3-за Раміравай постаці нехта падміргваў адным вокам — другога зусім не было відаць. Вера спачатку падумала, што другое схавана ў ценю Раміравай галавы. Але ж Рамір знік, і там, дзе павінна было быць другое вока, чарнела пустата. Здань з адным вокам прадаўжала агідна падміргваць, быццам старалася ўтрымаць ля сябе Веру. I раптам дзяўчыну кальнула прыкрая здагадка: гэта яе вока, з таго малюнка, які ў развітальны вечар намаляваў Рамір...
— Спіць яшчэ, — разбудзіў Веру чыйсьці вельмі знаёмы голас. — Шкада будзіць.
Яна расплюшчыла вочы і ледзь не аслепла ад сонца. Порсткія промні жвавымі зайчыкамі скакалі па столі, па сценах і падлозе. За акном шапацела разлапістая ліпа, нібы дакарала Веру за сон у такі позні час. На дыбачках зайшла Ева.
— Старшыня прышоў, — шэптам паведаміла яна, — да вас.
Вера хацела падняцца, але Даміра ўжо стаяў у пакоі. Быў ён на дзіва чыста паголены, аж сінявой адлівалі шчокі. Гладка прычэсаныя валасы яшчэ больш падкрэслівалі няўклюдную квадратнасць яго галавы.
— Ды вы ляжыце, ляжыце, — супакоіў ён Веру, хоць той нічога іншага не заставалася рабіць. — Я моладзь люблю, а чаму — магу растлумачыць. Мне з дзесяці гадоў не шанцуе. Хто на маёй нявопытнасці не спрабаваў спекульнуць... Многія на загрывак садзіліся. I вось цяпер, калі ўбачу маладога чалавека, дык гатовы ўсё зрабіць, каб не спазнаў ён той горычы, якую ўведаў я.
Ева заціскала далонню рот, сутаргава падаўляючы ўсмешку. Вера здзіўлена паглядала на Даміру, ніяк не могучы зразумець, што прывяло старшыню да яе на кватэру. Заціснуўшы рот рукою, Ева выбегла з пакоя. Было чутно, як яна бразнула дзвярамі сянец.
— Ішоў міма, дай, думаю, зайду. У мяне клопаты аб чалавеку на першым месцы. Мяркую, што паладзім з вамі. Галоўнае, не думайце, што Даміра — чалавек благі. Я — партызан. Найпершая наша запаведзь была: выручай. Помню, трапіла Кацюша Громава да немцаў у лапы — сем чалавек на смерць ляглі, сам быў моцна паранены, а Кацюшу выручылі.