Читать «Паплавы» онлайн - страница 10

Алесь Асіпенка

— Зноў ты, нягодніца, не назбірала свінням травы... — раззлавана крычала яна.

Вера вылазіла з дупла, жмурылася ад яркага сонца, а маці скардзілася самой сабе: «У каго яна ўдалася, такая летуценніца?»

Успаміны маюць вельмі лёгкія крылы. Далёка яны занеслі Веру. Таму і не пачула яна, як прачнулася гаспадыня. Угледзеўшы моцна нагарэлы кнот, яна паківала галавой, але запыталася без злосці:

— Ці вы і спаць яшчэ не клаліся?

Вера здрыганулася. Пытанне вярнула яе з вандроўкі па сцежках далёкага маленства.

— Зараз лягу, Аксіння Адамаўна.

Гаспадыня ўсміхнулася.

— Пазнавата ўжо. Мне вось трэба на працу збірацца.

Вера адчула сябе ніякавата: тут зусім недарэчы была прывычка позна класціся спаць, позна ўставаць. Нібы апраўдваючыся, яна сказала:

— Не спалася...

— На новым месцы заўсёды так.

Аксіння патушыла лямпу. Чорны дымок доўга віўся над шклом. Затым жанчына падняла засаўку. 3-пад печы спачатку выбегла нахохленая квактуха, а потым з піскам і ціліўканнем выкаціліся кураняты.

— Евы — дачкі маёй — вывадак. Неяк па вясне Ліпанава начавала ў нас, дык так ужо сарамяжыла Еўку, аж мне нялоўка было. А падумайце самі: хіба Еўка вінаватая, што ў калгасе дрэнная птушкаферма? У нас яшчэ многа да чаго рукі не дайшлі. Але ўжо раз такая ганьба нам вышла, дык я і кажу Еве: пасадзім мы, дачухна, квактуху. Не бог ведае, што там за выдаткі будуць, калі потым куранят якіх дзесяць у калгас аддамо. Адно, каб і яшчэ хто ў спулку з намі пайшоў. I што вы думаеце — хатах у трыццаці кураняты гадуюцца. А Даміра цяпер упёрся, не бярэ куранят. Мне, кажа, твае кураняты — лішні хамут на шыю. А гэта, ведаеце, у чым справа?.. Гады з чатыры назад загадалі нам выкупіць усіх куранят з інкубатара. Прывезлі іх, каб не схлусіць, тысяч дзесяць. Каб вы толькі глянулі, што тут было! Народу панайшло, кожны хоча падзівіцца на цуд: яшчэ ніхто за сваё жыццё столькі куранят не бачыў.

— Дзе ж яны цяпер?

— Слухай сюды, што далей было. Пачалі яны здыхаць, як мухі ад паганага грыба. Ведама, кволыя, ды і догляд не той. А памяркуйце самі, хіба ж іх дагледзіш? Тут вось восемнаццаць штук вывелася, дык ужо чацвёра загінулі. А то гэткая процьма!.. За восень ды за зіму безліч іх прапала. Можа засталося тысяч тры. Таксама многа. А тут уваліла ў куратнік чума. Цяпер можа сотні дзве ці тры гадуецца. Кормяць іх, а яек няма. Неўзабаве пасля таго, як сцёрліся кураняты, панаехала ў калгас следчых розных. Пайшла пагалоска, што прымусяць Даміру плаціць грошы за тыя кураняты. Адны, вядома, рады дасмерці, другія шкадуюць: свой жа чалавек. А тут другая чутка пайшла: пасадзяць Даміру ў турму. Самі памяркуйце, за што? Хіба ж адзін тут Даміра вінаваты? Два дні сход ішоў, а Даміру так пад суд і не аддалі — адстаялі. Толькі з тае пары наш старшыня на курэй глядзець не можа. Нават курыную ферму ў Пунькі адправіў — вярсты за тры ад вёскі. Толькі вы ўжо, калі ласка, падкажыце старшыні, каб забраў куранятак. Жаруць па многу, не набярэшся на іх.