Читать ««Приласкать и уничтожить!»» онлайн - страница 8

Алесь Петрашкевіч

Гольман. Правільна!

Скірмунт. Злучаныя Штаты Амерыкі, Швейцарыя — федэрацыі. А якія моцныя дэмакратычныя дзяржавы! Да гэтага дадам, што тэрмін «палітычная аўтаномія» не падразумявае абавязковасць свайго войска, сваіх асобных грошай ці мытных межаў. Усё гэта можа быць і агульным. Але ад сваіх праведных нацыянальных патрабаванняў мы адступаць не можам і не павінны. Вазьміце Украіну — яна ўжо пайшла далей, чым аўтаномія, і ідзе да незалежнай рэспублікі. Выступленне Украінскай Рады даволі сур’ёзнае і абдуманае. Яно заснавана і палягае на цвярозым разуменні інтарэсаў свайго народа. Ёсць свае інтарэсы і ў нашага народа.

Калі Расея зразумее сэнс нацыянальных патрабаванняў народаў, якія жывуць у ёй, і пойдзе ім насустрач, яна не толькі не аслабее, а наадварот, узмоцніцца.

Гольман. Так это ж совсем другое дело! Иной резон!

Смоліч стукае алоўкам.

Скірмунт. Калі некаторыя кажуць, што народы Расіі пры старых парадках прывыклі адзін да другога і зліліся ў адно цэлае, то я скажу, што гэта было зліццё ланцугоў з кайданамі. Цяпер насталі новыя часы і трэба шукаць новыя прынцыпы злучэння, якія б выключалі ланцугі і кайданы для так званых «инородцев». I каб ад гэтага часу беларус не прасіўся ў расейца пераначаваць у сваёй хаце хоць пад лаўкаю.

Гольман. Куда и к чему вы нас толкаете, пан Скирмунт?

Скірмунт. Персонально вас я никуда и ни к чему не толкаю. И вообще первый раз вижу. Приехали, так посидите, послушайте, о чем хозяева своей земли толкуют ды чаго свайму народу зычаць. (Да старшыні сходу.) Даруйце! (Сядае.)

Лёсік. Дазволь, старшыня!

Смоліч. Калі ласка, спадар Язэп.

Лёсік. Паважаны пан Скірмунт трапна вызначыў гнеў, боль, жальбу і бездапаможнасць Макара Краўцова, як нацыяналізм па-беларуску. Але ж Макар, як і мільёны нашых суайчыннікаў адчувае ўласнай скурай боль векавечнага чужацкага здзеку і прыніжэння зрусіфікаванага, амаскаленага народа. Ён абураны, але знявераны і ў войску патрэбы не бачыць. Сапраўды, не ваяваць жа з ардой. Але ж і не хавацца ў лясах і балотах, як некалі хаваліся ад татараў нашы прашчуры?! I ведаць: ніхто нашых патрэб не разважыць і не мае права разважваць, апроч нас саміх. Ніхто не завядзе лепшага парадку ў гаспадарцы, як сам гаспадар. Пры самых цяжкіх варунках беларус не траціў датэпнасці і быў гаспадаром свайго становішча, якім бы яно ні было. Адным словам — Беларусь мае ўсё патрэбнае, каб зрабіцца краем цвітучым, багатым, а не такім заняпалым і занядбаным, якім стаўся ён пад загадам маскоўскай дзяржаўнасці. I мы, усе грамадзяне зямлі беларускай, павінны далажыць усіх сіл, каб скінуць з сябе апякунства чужынцаў і збавіць край наш ад кіраўніцтва маскоўцаў. Гэта мы павінны зрабіць, бо грубае, некультурнае ўладарства Масквы знішчыць край наш і прывядзе да загібелі, як яно вынішчыла і загубіла дзяржаву расейскую.