Читать ««Приласкать и уничтожить!»» онлайн
Алесь Петрашкевіч
Алесь Петрашкевіч
«Приласкать и уничтожить!»
Збалелыя беларускія грудзі выбухнулі на ўвесь свет нясцерпна грымотнае «НЕ» — нявольніцтву, гвалту, халопству.
Аляксей Каўка
Змагарам-адраджэнцам пачатку XX стагоддзя і іх спадкаемцам XXI стагоддзя прысвячаю з надзеяй на волю і незалежнасць Бацькаўшчыны.
Аўтар
Гістарычная трагедыя
Аўтар выказвае падзяку МГА «Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына“» і кіраўніку Дабрачыннага фонду «Ethnic Voice of America» (Парма, ЗША) Ірэне Калядзе-Смірновай за дапамогу ў выданні кнігі, а таксама
Дзейныя асобы
Гісторык.
Луцкевіч Антон Іванавіч, 33 гады.
Лёсік Язэп Юр’евіч, 34 гады.
Скірмунт Раман Аляксандравіч, 39 гадоў.
Алесь Гарун (Прушынскі Аляксандр Уладзіміравіч), 30 гадоў.
Смоліч Аркадзь Антонавіч, 26 гадоў.
Езавітаў Канстанцін Барысавіч, 24 гады.
Макар Краўцоў (Касцевіч Макар Мацьвеевіч), 26 гадоў.
Рак-Міхайлоўскі Сымон Аляксандравіч, 33 гады.
Варонка Язэп Якаўлевіч, 26 гадоў.
Бадунова Палута Аляксандраўна, 32 гады.
Грыб Тамаш Тамашавіч, 22 гады.
Серада Іван Мікітавіч, 38 гадоў.
Шантыр Фабіян Гіляравіч, 30 гадоў.
Фальскі Усевалад Сцяпанавіч, 31 год.
Сівіцкая Людвіка Антонаўна (Зоська Верас), 25 гадоў.
Дэлегат Кузьма, гадоў 50.
Мяснікоў (Мяснікян) Аляксандр Фёдаравіч, 31 год.
Ландар Карл Іванавіч, 34 гады.
Рэзаўскі Людвіг Пятровіч, 30 гадоў.
Гольман Міхаіл Барысавіч, 23 гады.
Рамнёў, 25 і 50 гадоў.
Паноў, гадоў 40.
ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
I
Гісторык. I я мог бы ўсклікнуць сёння: «Окончен труд, завещанный от Бога…» А радасці няма… Дзвесце гадоў з гакам фактычна акупацыйнага рэжыму на Бацькаўшчыне ўціснуты ў паўтысячы старонак хоць і праўдзівага, але сухога тэксту. А найгалоўнейшай падзеі пачатку мінулага стагоддзя — Першаму Усебеларускаму з’езду (кангрэсу) 1917 года, які меўся стаць пачаткам зусім іншага шляху Айчыны, адведзена тры старонкі гістарычнай факталогіі, а светлыя, мужныя, маладыя, рамантычна адухоўленыя постаці рыцараў волі і незалежнасці самастойнай дзяржавы, між іншым, як і рылы ганіцеляў і катаў нашага люду паспалітага, засталіся за межамі эмацыйнага ўспрыняцця таго, што да гэтага часу хаваецца пад пластамі маны і фальсіфікацыяў…
Палякі зразумелі такую небяспеку адразу ж пасля раскрыжавання Рэчы Паспалітай імператрыцай Кацярынай II. Тады ж таемны сход іх інтэлектуалаў-інтэлігентаў і прыйшоў да высновы: каб у варунках, што склаліся, уратаваць і захаваць польскую нацыянальную ідэю, трэба дзве рэчы — напісаць рамантычную гісторыю Польшчы і стварыць яе рамантычную гістарычную літаратуру. З пастаўленай задачай палякі справіліся. Не разгубіліся і не скурвіліся, як мы, беларусы, пасля жорсткай паразы ад усходняй дэспатыі. Не згубілі рамантычна-паэтычнага пачуцця і, здавалася б, бесперспектыўнай, нязбытнай мары вызвалення ад чужынцаў…