Читать ««Приласкать и уничтожить!»» онлайн - страница 6

Алесь Петрашкевіч

Нехта скажа, што мае словы ёсць нацыяналістычныя. Дык гэта, на жаль, толькі словы. А ў іх жа справы і спрэс шавіністычныя. Таму я і ёсць нацыяналіст, бо хачу мець сваю Айчыну. I кім мне было быць, як не нацыяналістам у стасунках з Расеяй царскай, керэнска-рэспубліканскай, а цяпер з бальшавіцка-чэкісцкай. I як, дзякуючы Богу, было не падняцца Беларусі нацыялістычнай, калі ўшчэнт, у дробны друзак растаптана і зняважана наша нацыянальная годнасць. Спрадвечныя акупанты выдаюць наш народ за бясхатніка ў гісторыі. Яны зрабілі ўсё, што маглі, каб мы апынуліся ў паняверцы і невымоўнасці. Усюды, як і раней, ідзе выцясненне ўсяго беларускага. Усё ў нас перакручваецца на маскальскі лад — школа, царква і нават родная мова. Расейская салдатня і чынавенства нават думкі не дапускаюць, што тутэйшыя не расейцы, што тут не Расея. Бачыце, мы з расейцамі адзін народ?! Браты, толькі малодшыя. Беларуссю ў нас засталася толькі цёмная, забітая хлебапашная сялянская маса, сыны якой, прайшоўшы ў расейскіх школах маскоўскую вырабу, робяцца гарадскімі і думаюць, што гавораць расейскаю моваю й адшчапляюцца ад роднага народу, яго культуры, побыту, звычаяў і ад самой памяці пра сябе саміх. А пры выпадках даносяць на нацыяналістых ці вылоўліваюць іх і здаюць ва ўчастак.

Што гэта ёсць? Гэта ёсць вынік русіфікацыі, маскалізацыі і пераліцоўкі народу на свой капыл. Гэта можна цярпець далей? Правільна! Няможна. Таму мы, нацыяналістыя, і падняліся. I няма такой сілы, якая б нас спыніла. Мы дажыліся да таго, што расейцы з нас кпяць і смяюцца, як з чукчаў. Гэтага цярпець больш немагчыма. Але змагацца трэба не войскам, а ідэйна ўсеагульнай культурнай і асветнай працай. Трэба на сход, на ўсенародны сход, як кліча Янка Купала. У мяне пакуль усё.

Скірмунт. Які бліскучы ўзор нацыяналізму па-беларуску!

Смоліч. Я не стаў перапыняць гарачага выступу Макара, аднак усіх прашу да парадку і пачнем нараду.

Лёсік. Як мне здаецца, нарада пачалася і з самага галоўнага. А гарачага і нават палымянага нашай рэвалюцыі якраз і не хапае… пры добрым сваім войску.

Серада. Вядома ж галоўнае — гэта сваё войска. Без яго тут такая залева з маразмам можа пачацца, што…

Шантыр. Мужыкі, вы сапраўды збіраецеся ваяваць з Расеяй?

Выходзіць.

Гарун. Мы збіраемся ад яе абараняцца. А каб перамагчы будзем гуртавацца. Гуртавацца ўсім народам. I без гарачага, палымянага слова праўды тут не абысціся.