Читать ««Приласкать и уничтожить!»» онлайн - страница 7

Алесь Петрашкевіч

Гольман. Мы с Канчером за «згуртаванасць», но будем сами по себе.

Прыпазніўшыся ўваходзіце Фальскі і ціхенька займае месца каля дзвярэй.

Гісторык. Усевалад Фальскі — акцёр, тэатральны і грамадскі дзеяч.

Смоліч. Вельмі важна, каб на нарадзе быў парадак, хоць жывы абмен думкамі справе не пашкодзіць. Дазволю сабе некалькі слоў, каб толькі вызначыць галоўную мэту і накірунак нашай прамежкавай нарады перад важнай, а можа і гістарычнай, лёсавызначальнай падзеяй. Кожны з нас разумее, што склад гэтае нарады неаднародны, але сустрэча не выпадковая. Мэта яе аб’яднаўчая, бо Айчына ў небяспецы, як ніколі. Кастрычніцкі пераварот у Петраградзе, здаецца, не нясе нічога добрага нашай Бацькаўшчыне. Відавочна і тое, што Троцкі на перамовах здасць немцам Заходнюю Беларусь, а Усходняя застанецца пакуль за Расеяй. Літва нацэлілася на Віленшчыну і Гарадзеншчыну, Украіна акупавала Гомельшчыну і ўлезла на беларускае Палессе. Напярэдадні Усебеларускага з’езда нам, хто ўзначальвае беларускія нацыянальныя арганізацыі, партыі і іншыя структуры, хоць бы наблізіцца да адзінства, да аб’яднання нашых сілаў у адказны час гісторыі ды вызначыцца ў сваіх дзеях і намерах, абраць адзіна правільны і праведны шлях у абароне вольнай і адзінай Бацькаўшчыны, а не распачынаць вайну супраць Расіі, якой так баіцца наш нацыяналіст Макар Краўцоў.

За Вялікую беларускую раду і яе намеры скажа паважаны Алесь Гарун.

Гарун. Найперш скажу, што Вялікая рада пры падтрымцы Беларускай сацыялістычнай грамады і Цэнтральнай беларускай вайсковай рады разглядае сябе як зародак вышэйшага органа дзяржаўнай улады і ў сувязі з гэтым мае намер уключыць у свой склад прадстаўнікоў ад гарадскіх дум, павятовых і валасных земстваў ды нацыянальных меншасцей. I гэта нармальна, бо дэмакратычна. А тое, што некаторыя сябры Вялікай рады, асабліва грамадаўцы так званай левай плыні ды піцерскія беларусы на чале з Канчарам бачаць Беларусь аўтаноміяй у складзе федэратыўнай Расіі, а цяпер яшчэ і бальшавіцкай, няправільна! Няправільна таму, што наша аўтаномія ў складзе Расіі нічым не будзе адрознівацца ад губернатарства генерала Мураўёва ці «Северо-Западной коммуны» прапаршчыка Мяснікова. А ствараць Беларусь краёвую ды ставіць яе разам з Літвой пад пагрозу новай уніі з Польшчай, як гэта бачыць пан Скірмунт, наогул было б злачынна.

Скірмунт. А сам шаноўны паэт Алесь Гарун Айчыну нашу якой бачыць?

Гарун. Дэмакратычнай, народнай, непадлеглай ні Расіі, ні Германіі, ні Польшчы, не кажучы пра Жамойцію з Аўкштайціяй!

Скірмунт. Даў бы бог…

Шантыр. Алесь Гарун як паэт для мяне аўтарытэт, а як палітык і стратэг, даруйце, — не!

Людвіка (кінуўшы аловак на стол, абурана). Фабіян, гэта ўжо не лезе ні ў якія вароты, не кажучы пра пратакол нарады. Даруйце!..

Смоліч. Даруем праўду, хоць і нястрыманую.

Скірмунт (паднімаецца з крэсла). Не здзіўляйцеся таму, што ў прынцыпе я згодзен і з паэтам, і з палітыкам Гаруном. Але аўтаноміі нам не абмінуць і не аб’ехаць. I забягаць наперад — толькі шкодзіць справе. Я не столькі за аўтаномію мясцовую, гаспадарчую з пашырэннем земскага самакіравання, колькі за аўтаномію палітычную, дзяржаўную, нацыянальную. А там — будзе відаць, што да чаго. Трэба зразумець, што змяніўся дзяржаўны лад і стары цэнтралістычны парадак трымацца не можа і не павінен. Дабрабыт, як усёй Расеі, так і беларускі, можа будавацца толькі на шырокай палітычнай аўтаноміі краю і яго народаў. Не трэба баяцца і слова «федэрацыя».