Читать ««Приласкать и уничтожить!»» онлайн - страница 9

Алесь Петрашкевіч

Калі мы папусцімся і аддадзімо развагу сваіх патрэб у рукі чужынцаў, або сваіх вырадкаў, што адракліся ад нашай Айчыны і мовы, дык яны ўсё зробяць так, як гэта добра для жыцця на Маскоўшчыне або дзе-небудзь у Польшчы. Канец канцом мы сцямім і схамянёмся па часе, што нарабілі сабе клопату, але будзе позна. Нас заўсёды запыняць і скажуць: «Не верадуй, васпан, — скачы, уражэ, як пан кажэ!»

Каб ухіліцца ад усіх гэтых прыкрых з’явішч, каб зноў не папасціся пад загад і кіраўніцтва чужынца, каб потым не скардзіцца, не жаліцца, як цяпер нехта пачынае верадаваць, праклінаючы жыццё сваё па часе, каб не клялі нас дзеткі нашы, апынуўшыся праз нас, праз недавумства наша і нядбайнасць нашу ў нацыянальным палоне ў чужынцаў-маскоўцаў або палякаў — дзеля ўсяго гэтага мы і павінны дамагацца такой аўтаноміі для свайго краю, каб мець свой беларускі парламент, сваю Беларускую Краёвую Раду, цалкам незалежную ў межах свайго краёвага заканадаўства. Тым мы выкажам думкі свае, выллем боль сэрца свайго і паломім дашчэнту тыя праклятыя ёрмы нацыянальнай няволі, што вякамі трымалі нас у здзеку і паняверцы, выцягваючы з нас жылы нашы.

У гэтым — ядыны ратунак, ядынае выйсце з таго скрутнага становішча, у якім апынуліся мы, дзякуючы дзяржаўнаму цэнтралізму, прышчэпленаму расейскай «дэмакратыі» самадзяржаўным панаваннем, цяпер ужо бальшавіцкім.

Пара кінуць вясці кампанейства з безнадзейна нядужым і заразліва хворым. Настаў час упэўніцца, што там, на сваім усерасійскім Устаноўчым Сойме Масква не дасць нам падлёгкі. Наша будучыня ў нашых руках, і наш Устаноўчы сход, а я маю на ўвазе наш Першы Усебеларускі з’езд павінен быць на нашай Беларускай Зямлі і неадкладна, каб не спазніцца!

Дзякуй за ўвагу! (Сядае).

Смоліч. Аб падрыхтоўцы Усебеларускага з’езда, а можа ён назаве сябе і кангрэсам, нам распавядзе Язэп Варонка — камісар юстыцыі і ўнутраных спраў Вялікай рады.

Варонка. Думаю, шаноўнае спадарства разумее, як не проста рыхтаваць скліканне ўсенароднага з’езда-кангрэса пры такім роскідзе ідэй, думак і меркаванняў пры тым не толькі на такой вузкай сустрэчы, як наша. Тым не менш запэўніваю вас, што шырокапрадстаўнічае беларускае веча адбудзецца ў тэрмін, які прызначаны. Нашы ваяўнікі ўсіх франтоў, а гэта ў асноўным сяляне і работнікі адзінадушна ідэю з’езда падтрымалі і дэлегатаў прышлюць, хоць самі ў сваёй масе, на вялікі жаль, будуць далёка. Больш за мільён бежанцаў таксама за скліканне з’езда, але яны яшчэ далей ад Беларусі, чым ваяўнікі. На чужыне іх патрыятычныя пачуцці абвастрыліся да крайнасці, бо аказаліся людзі ў становішчы жахлівым. Нашы «браты»-расейцы гоняць іх з гарадоў і вёсак, пазбаўляюць хлебных пайкоў, звальняюць з прадпрыемстваў адных і бязбожна эксплуатуюць на іншых. I ваяўнікі-беларусы і бежанцы, як і свядомае мясцовае насельніцтва ў сваіх рэзалюцыях і наказах дэлегатам, што прыходзяць у Вялікую раду, патрабуюць ад бальшавіцкага Петраграда і будучага з’езда абвяшчэння беларускай дэмакратычнай рэспублікі з яе ўваходам у Расейскую Федэрацыю з прызнаннем беларускай мовы дзяржаўнай. Патрабуюць і права на стварэнне свайго войска. На жаль, генерал Купрыян Кандратовіч марудзіць з гэтай жыццёва важнай справай, а Вялікая рада ніякіх мераў не прымае. На сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацыяў мая прапанова аб увядзенні аўтаноміі Беларусі явачным, рэвалюцыйным парадкам была падтрымана, але ніхто і пальцам не шавяльнуў, каб падняць народ. Адны размовы і нават не менш палкія, чым выступ Макара Краўцова ці шаноўнага Язэпа Лёсіка. Мы нават не ўлічваем таго, што галодныя і распранутыя перад зімою расейскія вайскоўцы-франтавікі ў любы момант могуць у масавым парадку пакінуць акопы і заняцца рабаўніцтвам. Узнікае неадкладная патрэба бараніць край, яго людзей, іх майно і тэрытарыяльную цэласць роднай зямлі ад бальшавіцкай анархіі, кайзераўскай арміі ды польскіх вайсковых аддзелаў Доўбар-Мусніцкага. Рапарт спадара Серады ад імя вайсковай каманды я асабіста ўспрыняў, як, мякка кажучы, фрагмент з дрэннай аперэты. Бо войска ў нас пакуль няма. Мы чакаем яго з франтоў і нават не думаем ствараць аддзелаў з мясцовага, цывільнага насельніцтва.