Читать ««Приласкать и уничтожить!»» онлайн - страница 5

Алесь Петрашкевіч

Скірмунт (вельмі спакойна). Я яшчэ той пан, што ўзначальваў Менскае таварыства сельскай гаспадаркі і аніяк не нашкодзіў селяніну. Я той пан, што сабраў і правёў з’езд беларускіх партый і нацыянальных арганізацый, які і стварыў Беларускі нацыянальны камітэт. А яшчэ пан Скірмунт стварыў і ўзначаліў Менскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, які ўратаваў ад галоднай смерці не адну тысячу суайчыннікаў. I можа, з Божай дапамогай яшчэ ажыве вялікі паэт і грамадзянін Максім Багдановіч, які не без майго апекавання ўладкаваўся ў краіне светлай ля сіняй бухты.

Людвіка. Перад ад’ездам Максіма мы развіталіся ля касцёла Сымона і Алены. I мне добра вядома, як пан Скірмунт хацеў і спадзяваўся ўратаваць паэта. I не дзе-небудзь, а ў мясцох крымскіх, знаных Пушкіным і Міцкевічам. Яго любая не прыйшла на праводзіны, і ён праз мяне перадаў ёй трыялет: (чытае па памяці).

Мне доўгае расстанне з Вамі Чарней ад Вашых чорных кос. Чаму ж нядобры час прынёс Мне доўгае расстанне з Вамі? Я пабляднеў ад горкіх слёз I трыялет пачаў славамі: Мне доўгае расстанне з Вамі Чарней ад Вашых чорных кос.

(Змахвае набегшую слязу.)

Скірмунт. Дзякуй, добрая душа, на добрым слове… I апошняе ў сваё апраўданне перад вашай рэвалюцыяй… Не хто іншы, як пан Скірмунт першым узначаліў беларускую дэлегацыю да расейскага Часовага ўраду з патрабаваннем аўтаноміі Беларусі.

Бадунова (падкрэслена). Краёвай аўтаноміі…

Скірмунт. Вядома, а то якім бы краёўцам быў пан Скірмунт, што ніколі і нікога з суайчыннікаў не высылаў у сібірскія капальні.

Гольман. А я лично с Канчером и, естественно, с областным комитетом считаем, что для Белоруссии нужна не просто краёвая автономия, а автономия в составе российской федерации. Но для этого надо поладить с большевиками.

Шантыр. Именно так, товарищ Гольман. Именно так!..

Людвіка. Менавіта так можа разважаць толькі здраднік.

Гарун. Беларусь будзе толькі вольнай рэспублікай, каб нікуды не ўваходзіць і ні ад кога не залежыць.

Скірмунт. У варунках, што склаліся, Беларусь можа быць толькі краёвай у звязе з Літвой і ў саюзе з Польшчай ці будзе зноў праглынута Расеяй, цяпер ужо пралетарска-бальшавіцкай.

Бадунова. Або падзелена з Польшчай, калі мы не навучымся лавіраваць у перамовах з бальшавікамі.

Скірмунт. Пакуль мы будзем вучыцца лавіраваць, нас будуць дзяліць і Украіна, і Літва, і Латвія. I хто наканаваў нам вечную расейскую акупацыю пасля трох задушаных нашых паўстанняў за адно стагоддзе?!

Шантыр. Такімі размовамі мы толькі выклікаем антырасейскія настроі, нацыяналізм…

Краўцоў. Пачакай, Шантыр! А ты чаго хацеў? У нас царская акупацыя змянілася акупацыяй керэнскай, а цяпер мяняецца на бальшавіцкую?! Два дзяржаўныя перавароты за год! А ў нас што змянілася? У нас улада чыя?.. Расейскае войска ў нас улада, як і ў тыя рэвалюцыі. Прапаршчык Мяснікян з набрыддзю са свету ўладарыць не горш за генерала-вешальніка Мураўёва. А сярод народных камісараў ні аднаго беларуса! Толькі расейцы, жыдкі, латышы, азербайджанцы ды іншыя! Яны ва ўпор нас не бачаць. Нават не ведаюць, што ёсць такі народ беларускі. I Беларусь для іх не існуе. I ці не расейскім шавіністам сказана: «где русский солдат оправился, там и есть Россия». Перапрашаю спадарства, засралі паўеўропы — дыхаць ужо нечым. I сёння не спяць у шапку. Заместа ўрада — Ваенна-рэвалюцыйны камітэт стварылі, увялі цэнзуру, за паўмесяца правялі тры сваіх з’езды пад наглядам чэкістаў. Скажаце, і мы армейскія з’езды правялі? Правялі, а толку?! Дзе беларускае войска?! Адны размовы. А можа, яно нам і не трэба, бо ці не з Расеяй нехта сабраўся ваяваць?.. Дык гэта ж загуба ўсяму!