Читать ««Приласкать и уничтожить!»» онлайн - страница 4

Алесь Петрашкевіч

Гарун. Шаноўная Палута Аляксандраўна пэўна не ведае, што Фабіян і Людвіка…

Шантыр (перахоплівае). Сямейная пара палітычных антаганістаў.

Гісторык. Фабіян Шантыр не толькі левы грамадавец, але і вядомы паэт, публіцыст і яркі трыбун.

Уваходзяць адразу шасцёра апранутых у вайсковае і паўвайсковае.

Каманда Янкі Серады.

Серада (крыху карцінна). Каманда, зва-жай!

Каманда выстройваецца, падраўноўваецца, падцягваецца.

Здравія жадаю, панове таварышы намеснікі старшыні Вялікай беларускай рады і Сацыялістычнай грамады! Дазвольце далажыць аб прыбыцці вайсковай каманды па стварэнні беларускай нацыянальнай арміі?!

Гарун (разумеючы жартоўную выхадку Серады). А панове таварышы і не пярэчаць…

Серада (робіць шаг у бок). Злева направа: Сымон Рак-Міхайлоўскі — арганізатар з’езда вайскоўцаў-беларусаў Заходняга фронту, ён жа ёсць кіраўнік Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. Кастусь Езавітаў — арганізатар такога ж з’езда Паўночнага фронту. Васіль Захарка — адзін з арганізатараў з’езда вайскоўцаў-беларусаў Заходняга фронту. Макар Касцевіч, ён жа паэт Макар Краўцоў — кіраўнік беларускага камітэта 44-га армейскага корпуса Паўночна-Заходняга фронту.

Даклаў Янка Серада, сябра Беларускай сацыялістычнай грамады і армейскі ветэрынар.

Смоліч. А грамадавец і армейскі ветэрынар можа сказаць дакладна, якая колькасць беларускага войска стаіць за камандай?

Серада. Па ўсіх франтах яшчэ не падлічылі, а тое, што толькі Кіеў і Адэса даюць каля 100 тысяч штыкоў, факт!

Смоліч (радасна здзіўлены). Нішто сабе навіна! Вольна! Сядайце…

Запыхаўшыся, з’яўляецца малады чарнявы чалавек у паўвайсковым адзенні.

Гісторык. Гольман. А хутчэй за ўсё — Гольдман, залаты чалавек.

Гольман (таропка). Мы с Канчером прибыли, но он опоздает. Совещание можно продолжать при мне.

Гарун. Мы яшчэ не пачыналі…

Гольман. Это хорошо! И приятно. (Садзіцца.)

Смоліч. А вы, вообще-то, кто?

Гольман (падняўшыся з крэсла). Кто, я?.. Михаил Борисович Гольман — бывший прапорщик, бывший эсэр-максималист, потом левый эсэр, бывший председатель Могилевского Совета крестьянских депутатов. Сейчас тяготею к большевикам. Арестовывался временным правительством за эсэровскую пропаганду по крестьянскому вопросу. В настоящее время заместитель Канчера по Белорусскому областному комитету при Всероссийском совете крестьянских депутатов в Петербурге, простите, в Петрограде.

Смоліч. Располагайтесь, Михаил Борисович…

Уваходзіць багата апрануты мужчына, а за ім чалавек у сціплай вопратцы.

Гісторык. Раман Скірмунт — вялікі пан і грамадзянін-патрыёт Беларусі.

Скірмунт (зняўшы капялюш). Мір вашаму дому, панове і таварышы рэвалюцыянеры.

Смоліч. З мірам прымаем, пан Скірмунт.

Скірмунт. Калі б вы і не прынялі мяне з мірам, я ўсё роўна мусіў бы прыйсці на правах стваральніка і старшыні Беларускага нацыянальнага камітэта, паўнамоцтвы якога, як вядома, былі перададзены вашай Вялікай радзе.

Смоліч. Мы рады бачыць пана Скірмунта.

Шантыр. Рады не ўсе.

Гарун. Наколькі я разумею, гэта той самы пан Скірмунт, што быў дэпутатам думы і членам Дзяржаўнага Савета Расейскай імперыі, калі мы з табой (да Лёсіка), Язэп, гнілі ў залатых капальнях Бадайбо пад Краснаярскам?!