Читать ««Приласкать и уничтожить!»» онлайн - страница 3

Алесь Петрашкевіч

Чалавек у акулярах плёскае ў далоні і накіроўваецца да стала. Апладысментамі яго падтрымлівае Смоліч. Гарун цалуе руку Людвікі.

Гісторык. Чалавек у акулярах — Язэп Лёсік. Рэдактар газеты «Вольная Беларусь». Адзін з першых лідэраў Грамады.

Лёсік (Гаруну). Здароў быў, дружа. (Абдымаюцца.)

Гісторык. Разам з Гаруном адбывалі царскую катаргу ў залатых капальнях пад Краснаярскам.

Лёсік. Кожны паэт, якому яго ж вершы гэтак таленавіта прачытае такая пекная паненка (схіляе галаву), можа лічыць сябе шчаслівым. (Смолічу.) Маё шанаванне! (Паціскае руку, сядае ў крэсла паблізу стала.)

Гарун. Людвіка і сама друкуе такія цудоўныя абразкі і вершы, што я абавязкова нешта вывучу і прадэкламую дзе-небудзь публічна ў знак павагі да каляжанкі па паэтычнаму цэху.

Уваходзіць зусім малады інтэлігентнага выгляду чалавек.

Гісторык. Тамаш Грыб — культурны дзеяч, адраджэнец, эсэр.

Грыб. Дазвольце?! Вітаю вас.

Смоліч. Просім. Сядай, Тамаш.

Уваходзіць малажавая, строгая жанчына.

Гісторык. Палута Бадунова…

Бадунова. Добры дзень!

Смоліч. Ласкава просім, Палута Аляксандраўна, да нашага гурту.

Бадунова знаходзіць сабе месца.

Гісторык. Настаўніца Бадунова — дэпутат Петраградскага Савета, член ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады.

Уваходзяць двое.

Першы. Вітаю шаноўнае спадарства! (Ідзе да стала, ціха перамаўляецца з Гаруном і Смолічам.)

Другі моўчкі сядае бліжэй да парогу.

Гісторык. Той, што падышоў да стала, Язэп Варонка — камісар юстыцыі Вялікай рады і член ЦК Грамады. Той, што прысеў каля дзвярэй, Фабіян Шантыр. Паэт і публіцыст, закаханы ў Людвіку Сівіцкую.

Смоліч. Спадар Шантыр, каго будзеце прадстаўляць на нарадзе?

Шантыр. Сябе самога і левую плынь Сацыялістычнай грамады.

Смоліч. Наколькі мне вядома, такая плынь афіцыйна яшчэ не аформлена…

Шантыр. Тым не менш яна ёсць і я яе прадстаўляю.

Людвіка. Па маіх назіраннях, таварыш Шантыр даўно мітусіцца паміж Грамадою і бальшавікамі, як той Бурыданаў асёл, што паў з голаду, бегаючы паміж двума стажкамі сена.

Бадунова. Заўвага ў адрас майго калегі па левай плыні больш, чым бестактоўная…

Шантыр. Не зважайце, Палута Аляксандраўна. Дзякуючы паўсядзённым турботам Людвікі галодная смерць мне не пагражае. Даруем ёй гэты выпад.