Читать ««Приласкать и уничтожить!»» онлайн - страница 2

Алесь Петрашкевіч

Арыстоцель меў рацыю, калі казаў: «Гісторык і паэт адрозніваюцца не тым, што адзін гаворыць вершамі, а другі прозай… Розніца ў тым, што адзін распавядае аб тым, што адбылося, другі ж — пра тое, што магло адбыцца…». Амаль праз стагоддзе мы пачынаем усведамляць, што ж магло адбыцца з нашай Бацькаўшчынай і намі пасля Першага Усебеларускага з’езда 1917 года, калі б ідэя яго здзейснілася.

Мяркую, што толькі тэатр, толькі вобразнае мысленне можа спалучыць гісторыю з паэзіяй барацьбы рыцараў волі за ажыццяўленне нацыянальнай ідэі як асновы дзяржаўнасці і непадлегласці. А ў тым, што мне ўдасца ўтрымацца ў строга фармальнай ролі вядучага ў відовішчы, не ўпэўнены, бо гістарычная логіка не заўсёды супадае з логікай драматургічнай. А гісторыя не ведае ўмоўнага ладу. (Адыходзіць да свайго стала.)

Уваходзіць прыгожая чарнявая дзяўчына, за ёю — малады мужчына і вельмі худы чалавек невыразнага ўзросту. Здымаюць і вешаюць на калкі толькі галаўныя ўборы. Размяшчаюцца за шырокім сталом. Дзяўчына вынімае з сумачкі сшытак, насадку і чарнілку. Хударлявы расцірае азызлыя ад холаду рукі, а потым і твар. Пакашлівае.

Гісторык. Позняя, золкая восень 1917-га. Гэта памяшканне ў былым Доме генерал-губернатара ў Мінску. Яго займае Вялікая беларуская рада. Дзяўчына — Людвіка Сівіцкая, што стане вядомай пісьменніцай і грамадска-культурнай дзеячкай Зоськай Верас. Малады мужчына — вучоны эканаміст, картограф і фактычны старшыня партыі Беларуская сацыялістычная грамада, сябра Вялікай беларускай рады Аркадзь Смоліч. Хударлявы і хворы — былы катаржнік Аляксандр Прушынскі, ён жа вядомы паэт Алесь Гарун і намеснік старшыні партыі Беларуская сацыялістычная грамада.

Смоліч (перадае паперы Гаруну, да Людвікі). А дзе яшчэ панна Людвіка выконвала абавязкі сакратара і пратакалісткі?

Людвіка. Шмат дзе: у Менскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, у Беларускім нацыянальным камітэце, Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацый, у вашай Грамадзе. А яшчэ пратакаліравала на з’ездах беларускіх нацыянальных арганізацый, на з’ездзе беларусаў-вайскоўцаў Заходняга фронту.

Гарун. Спадар Аркадзь, пэўна, хоча ведаць, па чыіх пратаколах нашчадкі будуць вывучаць гісторыю беларускага нацыянальнага руху пачатку 20-га стагоддзя.

Людвіка. Па пратаколах — сумна. Нашу эпоху будуць вывучаць па вашых вершах, шаноўны Алесь Гарун.

Гарун. Гэта наогул будзе адна скруха.

Смоліч. Адно слова — Гарун…

Людвіка. Няхай сабе! (Узнёсла, пранікнёна чытае па памяці верш.)

Як надарыцца мінута, Што ад працы адарвуся, I жыццёвая атрута Не пячэць, і прахаплюся, Дык цябе, мой Родны Краю, Шчырай думкай аблятаю…

Уваходзіць мужчына ў акулярах. Зняўшы капялюш, ціха спыняецца каля парога. Уважліва слухае.

Ты няшчасны і убогі, Ты бяздольны і забіты, Ты без шляху, без дарогі, Ты абдзёрты і прапіты, Подлай здрадаю праданы. Ты не свой, — даўно забраны. Меў вялікія клейноты, Быў і моцны і багаты, Задзіўляліся народы — А дазнаўся горкай страты, Сохнеш, вянеш, — вокам кіну, Аж здаецца, што загінуў… А як сонейка устане I прыемна усьміхнецца, Па палетках, на кургане I па вёсцы разліецца, Як паводка, Родны Краю, Над цябе тады не маю… Ты квяцісты, залацісты, I прыгожы, і аздобны, Ты лясісты, каласісты, Можа, рай табе падобны — Колькі ж моцы маеш скрытай, Колькі сілы неспажытай! Ты паўстанеш, працавіты, Гаратнічы, невымоўны, Шчасьця, долі прагавіты, Мой сланэчны, мой чароўны! Будзе час, пабачаць сведкі, Хоць ні мы, дык нашы дзеткі.