Читать «Замежная фантастыка» онлайн - страница 6

Фредерик Браун

Пісьменнік-фантаст Р. Брэдберы ўбачыў тайну ў гэтых словах, і з’явілася цудоўнае апавяданне. Вулфа выклікаюць у будучыню, каб ён апісаў XXIII стагоддзе, каб ён адкрыў людзям навакольны свет, напоўніў яго фарбамі, пахамі, рухам, сэнсам. Каб ён паказаў людзям, якое цудоўнае жыццё. I ён напісаў пра космас і пра чалавека, пра міжпланетныя караблі, пах металу, пра нястрымныя захапленні, з якімі адрываешся ад Зямлі і імкнешся да задачы больш цяжкай, да суму больш горкага. Ён апісаў марсіянскія гарады, параўнаў іх з камянямі, якія знесены з горных вяршынь нейкай імклівай, неверагоднай лавінай і застылі нарэшце ззяючымі россыпамі…

Брэдберы ўзяў матыў Вулфа, але сутнасць апавядання аб большым, чым толькі захапленне мастака светам. Тут і вечная праблема адлюстравання і пазнання мастаком сваёй эпохі, і вечнае імкненне паэта расказваць аб велічы чалавека.

Праблема складаная. Сапраўды, Гамер напісаў свае вялікія паэмы праз 300–400 гадоў пасля Траянскай вайны. «Песня пра Нібелунгаў» канчаткова сфарміравалася ў XXII–XXIII стагоддзях і расказвае аб гібелі Бургунскага каралеўства ў V стагоддзі. Рускія быліны склаліся Ў XVI–XVIII стагоддзях, але ў іх жа — водгукі на падзеі ў Кіеўскай Русі X–XIII стагоддзяў.

Такім чынам, ёсць нейкая заканамернасць, у адпаведнасці з якой паэтычны матэрыял для буйных літаратурных твораў накопліваўся стагоддзямі, перш чым з’яўляўся геніальны паэт, які здольны ўвасобіць яго ў цэльны і яркі мастацкі твор.

I пакуль толькі Уладзімір Маякоўскі змог магутна, цэльна, шчыра адлюстраваць і Вялікую Кастрычніцкую сацыялістычную рэвалюцыю, і вобраз яе правадыра У. I. Леніна. I побач да гэтага часу паставіць няма каго, а ў сучаснасці яшчэ няма паэта, які быў бы здольны на сапраўды эпічную прапрацоўку вялікага матэрыялу.

Ну, а калі б нам давялося выбіраць, каго з беларускіх пісьменнікаў трэба «выцягнуць у будучыню», каб апісаць яе, мы б узялі Уладзіміра Караткевіча.

Зборнік заканчваецца лірычным апавяданнем Э. Ф. Расела «Неба, неба…». Чалавек выбірае свой шлях, ідзе па ім, робіць намаганні і дабіваецца перамог. Але заўсёды у ім павінна жыць памяць пра дзяцінства, радзіму. І ўсюды, куды б не закідаў яго лёс, ён павінен захоўвацт у сабе, у сваёй душы сапраўдны пачатак, тое зерне, з якога ён вырас як асоба.

Станіслаў Саладоўнікаў, Уладзімір Цвяткоў

П'ер Буль

Планета малпаў

Частка першая

Раздзел I

Джын і Філіс бавілі час, вандруючы ў космасе ўдалечыні ад населеных сусветаў.

Міжпланетныя вандроўкі сталі ўжо звычайнай справай, дый міжзорныя пералёты не лічыліся сенсацыйнымі. Зоркалёты рэгулярных ліній дастаўлялі турыстаў у казачныя гарады Сірыуса, а фінансавых тузоў — на знакамітыя біржы Арктура і Альдэбарана.

Але Джын і Філіс, гэтая пара нічым не занятых дзетак мультымільянераў, былі вядомыя сваёй эксцэнтрычнасцю і схільнасцю да рамантыкі. Шукаючы задавальнення, яны падарожнічалі ў бязмежнай прасторы пад ветразямі.