Читать «Замежная фантастыка» онлайн - страница 221

Фредерик Браун

За тысячу міль ад фронту генерал Фетэрэр выцер дрыготкай рукою спацелы лоб, але ўсё гэтак жа спакойна і непарушна аддаваў распараджэнні, якія кнопкі націснуць і якія ручкі павярнуць. І цудоўныя арміі не падвялі яго. Смяротна пашкоджаныя робаты падымаліся на ногі і не пераставалі змагацца. Разбітыя, знявечаныя, разнесеныя на шматкі выючымі д'ябламі, робаты ўсё-такі ўтрымалі сваю пазіцыю. Тут у контратаку быў кінуты Пяты корпус ветэранаў, і варожы фронт быў прарваны.

За тысячу міль ад лініі агню генералы кіравалі пераследам.

— Бітва выйграна, — прашаптаў вярхоўны галоўнакамандуючы Фетэрэр і адарваўся ад тэлевізара. — Віншую, панове.

Генералы стомлена ўсміхнуліся.

Яны зірнулі адзін на аднаго і радасна загарланілі. Армагедон быў выйграны і сілы Сатаны пераможаны.

Але на іх тэлевізійных экранах штосьці адбывалася.

— Як! Гэта ж… гэта… — пачаў генерал Мак-Фі і змоўк.

Бо па полі бою паміж грудамі знявечанага, патрушчанага металу велічна ступала Ласка Боская.

Генералы маўчалі.

Ласка Боская дакранулася да знявечанага робата.

І робаты заварушыліся па ўсёй пустыні, якая ўсё яшчэ курэла і дымілася пасля бою. Пакарабачаныя, абгарэлыя, аплаўленыя кавалкі металу абнаўляліся.

— Мак-Фі, — прашаптаў вярхоўны галоўнакамандуючы Фетэрэр. — Націсніце на што-небудзь — няхай яны хоць укленчаць, ці што.

Генерал націснуў, але дыстанцыйнае кіраванне не працавала.

А робаты ўжо ўзнімаліся на неба. Іх акружалі анёлы Боскія, і робаты-танкі, робатапяхота, аўтаматычныя бамбавікі ўзнімаліся, узносіліся ўсё вышэй і вышэй.

— Ён бярэ іх жыўцом у рай! — істэрычна ўсклікнуў Онгін. — Ён бярэ ў рай робатаў!

— Адбылася памылка, — сказаў Фетэрэр. — Хутчэй! Пашліце афіцэра сувязі… Не, мы паедзем самі.

Як бачыш падалі самалёт, і яны памчаліся да поля бітвы. Але ўжо было позна: Армагедон скончыўся, робаты зніклі, і пан Бог са сваім воінствам вярнуўся да сябе дадому.

Примечания

1

Сірыус, Арктур, Альдэбаран — найярчэйшыя зоркі ў сузор'ях Вялікага Пса, Валапаса, Цяльца.

2

Оверштаг (гал. overstag) — паварот судна з ветразямі носам да сустрэчнага ветру.

3

Цэнтаўр — вялікае сузор'е паўднёвага паўшар'я зорнага неба, у якім знаходзіцца сама блізкая да Зямлі зорка — Проксіма Цэнтаўра.

4

Сарора — сястра (лац.).

5

Споўненым фактам.