Читать «Замежная фантастыка» онлайн - страница 4

Фредерик Браун

А чаму б і не? I сярод жа людзей здараецца, калі два дастойныя чалавекі раптам адзін аднаго так ненавідзяць, што самі гэтаму здзіўляюцца, бо падстаў быццам бы і няма. Наогул тэма кантакту вельмі шырокая. Тут і хуткі станоўчы кантакт, калі разумныя істоты «апазнаюць» «братоў па розуму», хутка наладжваюць узаемаразуменне, тут і многа сюжэтаў пра павольнае збліжэнне… I заўсёды вялікую ролю адыгрываюць прыродныя фактары, фізічныя характарыстыкі, гісторыка-культурныя фактары. У Ф. Браўна ёсць цудоўнае апавяданне на тэму кантакту «Лялечны тэатр», дзе разумная істота — вослік, дакладней, істота ў выглядзе зямнога восліка. А што мы звычайна разумеем пад словам «асёл»?

Унутры апавядання «Арэна» ёсць яшчэ адна дэталь, вельмі важная для нас. Там дзейнічае нейкі звышрозум. Зрэшты, гэта не проста звышрозум, а цэлая цывілізацыя, якая дысягнула такога ўзроўню развіцця, што злілася ў адзінае цэлае. Пра яе магчымасці сведчыць сама «арганізацыя» паядынку. Аднак справа ў тым, што чалавечая цывілізацыя, на думку гэтага звышрозуму, мае перспектывы стаць такой жа формай арганізацыі розуму. Па-філасофску, калі разглядаць будучага чалавека — гэта цудоўная, аптымістычная ідэя, грандыёзная і яркая. Заўважыць, што яна чыста фантастычная, — значыць адмовіцца ад магчымага напрамку развіцця. А калі разгледзець эвалюцыю розуму на Зямлі, паглядзець на чалавека з любоўю і зычлівасцю, але ў той жа час патрабавальна, то ў такім варыянце будучага нашага віду няма нічога звышнатуральнага. Не спынілася ж цячэнне біялагічнай гісторыі на цяперашнім абліччы чалавека! I каб ісці такім шляхам, трэба знішчыць усе «пасткі» тэхналагічнай цывілізацыі ці хоць бы не трапіць у іх.

Правамерна з’яўляецца вельмі складанае пытанне. Гэта пытанне мэты: чым можа займацца звышрозум? Не гульнёй жа з самім сабой у шахматы! Трэба думаць, што мэты ён сабе намеціць адпаведныя. Напрыклад, як гэта паказвае Ф. Браўн, падтрымка ачагоў розуму ў Сусвеце, ліквідацыя, праўда, у спецыфічнай форме, ваенных канфліктаў…

Нельга не сказаць пра канцоўку апавядання. Рэдкі чытач не атрымае эмацыянальнага шоку. Карсан перамагае. Ён выратоўвае і сябе,і сваю цывілізацыю. Але ён нікому і ніколі не зможа расказаць пра свой подзвіг.

Псіхалагічны нюанс: мы ведаем, што за подзвіг належыць узнагарода. Такія маральныя законы ў людзей. А тут нічога нельга нават патрабаваць. Толькі — вечная тайна і маўчанне.

А можа, ёсць такія подзвігі, якія немагчыма ацаніць? Калі любая ўзнагарода будзе нікчэмнай і дробязнай? Якую ўзнагароду павінен атрымаць чалавек, які выратаваў сваю маці? Або сваіх дзяцей? Або сваіх братоў?

Яшчэ адзін паядынак мадэліруе А. Э. Ван-Вогт у апавяданні «Пачвара». Тут суадносіны сіл: «адзін супраць многіх». Перамагае адзіночка. Такія сюжэты заўсёды цікавыя. Барацьба завяршаецца перамогай чалавека, бяззбройнага і, да таго ж, толькі што ўваскрэшанага. Гэта карціна хуткага «ўваходжання» героя ў сітуацыю, яго імгненная рэакцыя дае не толькі сапраўдную эстэтычную асалоду. Тут мы зноў бачым варыянт кантакту: ваеннае сутыкненне. Тут ёсць і зямная гісторыя з яе войнамі за сусветнае панаванне. Дастаткова ўявіць, што камусьці гэта ўдалося, і тады пры імклівым росце насельніцтва, імклівым развіцці тэхнікі экспансія накіруецца ў космас. I тады ў нас будуць сюжэты барацьбы за «жыццёвую прастору» ў космасе.